Канада ня будзе павялічваць свой вайсковы кантынгент ва Ўкраіне, «каб не дражніць Расею»

Ўэйн Эйр

У Канадзе палічылі лепшым з дыпляматычнага боку не пасылаць новых інструктараў ва Ўкраіну.

У інтэрвію выданьню The Globe & Mail начальнік штабу абароны Канады Ўэйн Эйр пасьля візыту ва Ўкраіну заявіў пра тое, што ягоная краіна ня будзе павялічваць кантынгент.

«Тое, што мы робім з апэрацыяй UNIFIER, паказвае доўгатэрміновую прыхільнасьць Украіне. Але трэба вельмі ўважліва ставіцца да балянсу паміж стрыманасьцю і эскаляцыяй, а таксама да ўспрыманьня зь іншага боку. У гэтым выпадку дыпляматыя павінна адыгрываць вядучую ролю», — сказаў Эйр.

Паводле яго слоў, павелічэньне колькасьці войскаў ва Ўкраіне можа справакаваць Расею. У такіх выпадках, ён лічыць, у першую чаргу павінна працаваць дыпляматыя. Эйр падкрэсьліў, што «да патэнцыйных праціўнікаў заўсёды трэба ставіцца сур’ёзна».

«На працягу гісторыі войны пачыналіся праз магчымыя пралікі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША назваў сытуацыю ва Ўкраіне, міграцыйны крызіс і «Паўночны паток — 2» узаемазьвязанымі

Раней міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заклікаў Канаду, ЗША і Вялікую Брытанію павялічыць колькасьць сваіх вайсковых інструктараў ва Ўкраіне і разьмясьціць іх паблізу лініі судакрананьня. У канцы мінулага тыдня амэрыканская разьведка паведаміла, што Расея ўзімку плянуе новы наступ на тэрыторыю Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэмль губляе галоўны інструмэнт вайны супраць Украіны». Дыплямат — пра імавернасьць уварваньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Associated Press: Разьведка ЗША высьветліла, што Расея плянуе ўварваньне ва Ўкраіну