Сотні жыхароў Махачкалы выйшлі на вуліцы на знак пратэсту супраць адключэньня газу

Мячэт у Махачкале, ілюстрацыйнае фота

Жыхары двух пяціпавярховых дамоў у сталіцы Дагестану выйшлі на пратэсты праз тое, што іх кватэры ўжо амаль два тыдні, як адключылі ад газазабесьпячэньня і не ацяпляюцца. Людзі перакрылі рух на некалькіх вуліцах у цэнтры гораду.

Пра гэта паведамляе «Настоящее время».

Людзі стаялі з плякатамі «Вярніце газ» і «Газавікі супраць народу». Паліцэйскія ня ўмешваліся ў сытуацыю, мітынг не разганялі.

Да пратэстоўцаў прыехаў мэр Махачкалы. Ён запатрабаваў ад камунальнікаў праверыць газавае абсталяваньне ва ўсіх праблемных дамах, і паабяцаў у бліжэйшы час вярнуць туды ацяпленьне.

Пасьля гэтага пратэстоўцы разышліся, але паабяцалі выйсьці на новую акцыю, калі сытуацыя ня зьменіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядомая цана газу для Беларусі. Кантракт з Расеяй ужо падпісалі

Больш за 2 тысячы жыхароў Махачкалы засталіся без ацяпленьня з 22 лістапада. Тады ў адным з дамоў адбыўся выбух газу, загінуў 1 чалавек. Прычынамі трагедыі назвалі «самавольнае падключэньне да газапроваду». Мясцовыя ўлады заявілі, што ўжо замянілі ўсе камунікацыі, але чамусьці не падключылі дамы да сыстэмы.