На цырымоніі выступілі амбасадар Ізраілю Алекс Гольдман-Шайман, прадстаўнікі ўладаў, Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў, архітэктар Галіна Левіна, а таксама ад імя выратаваных — Фрыда Вульфаўна Рэйзман.
У сваёй прамове амбасадар Ізраілю Алекс Гольдман-Шайман сказаў:
«Да вайны габрэі жылі тут побач са сваімі суседзямі — беларусамі і татарамі, расейцамі і палякамі. Летам 1941 году калючы дрот гета аддзяліў габрэяў ад усіх астатніх. Сярод людзей па другі бок калючага дроту знайшліся тыя, хто ня змог адвярнуцца ад бяды сваіх сяброў, суседзяў, проста людзей. Яны рызыкавалі сваім жыцьцём, яны рызыкавалі жыцьцём сваіх дзяцей, таму што проста не маглі не дапамагчы, ня выратаваць, не схаваць, ня даць шанцу дажыць да заўтра іншым — гнаным і асуджаным на татальнае зьнішчэньне габрэям. Яны сталі тымі промнямі сьвятла ў змроку Галакосту, якія дазвалялі не забыцца, што цемра ня вечная».
Цырымонія адбылася ў першы дзень габрэйскага сьвята Ханука.
«Гэта сымбалічнае супадзеньне, таму што Ханука — сьвята перамогі сьвятла над цемрай, — сказаў далей амбасадар. — Мы называем гэтых людзей Праведнікамі. Гэта выказвае імкненьне Ізраілю аддаць даніну павагі людзям, якія сталі на абарону габрэяў у часы перасьледу і найвялікшай трагедыі».
Паводле ізраільскага Мэмарыяльнага комплексу гісторыі Галакосту Яд Вашэм, у Беларусі Праведнікамі прызналі 676 чалавек.