Выйшаў на экраны беларускамоўны фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча», але ў Менску яго не пакажуць

Раман Рублеўскай, пакладзены ў аснову фільму

Стужка па матывах твору Людмілы Рублеўскай цалкам зьнятая з удзелам беларускіх актораў.

Фільм агучаны на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай. У аснову сцэнару сцэнарыст Валянцін Залужны паклаў першую кнігу прыгодаў Вырвіча — «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», якая выйшла ў 2012 годзе. Усяго Людміла Рублеўская напісала ўжо пяць кніг пра героя.

Фільм зьнялі ў 2019 годзе, у сакавіку 2020 адбыўся перадпрэм’ерны паказ, пазьней пачалі рабіць беларускую вэрсію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусьфільм» агучыць па-беларуску кіно «Авантуры Пранціша Вырвіча»

Ролю Ледніка адыграў Іван Трус, які пасьля жнівеньскіх падзей 2020 году пайшоў з Купалаўскага тэатру і разам зь сям’ёй паехаў у Санкт-Пецярбург. Ролю Радзівіла Рыбанькі выканаў Віктар Манаеў, ролю Гераніма Радзівіла — Вячаслаў Паўлюць, найміта Ватмана — Дзьмітры Ясяневіч, у карціне можна ўбачыць і яшчэ аднаго былога актора Купалаўскага — Ігара Сігава, піша Zerkalo.io.

Пры гэтым фільм не пакажуць у Менску — згадка пра карціну адсутнічае на сайце сталічнага «Відэапракату». Адпаведную старонку на сайце mogilevkino.by выдалілі. Пракат фільма плянуецца толькі ў Пінску, Століне і Бабруйску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бо ён ня толькі для Беларусі». «Беларусьфільм» паказаў зьнятую па-расейску стужку паводле раману Людмілы Рублеўскай