Суд у Літве прысудзіў 4 гады турмы двум грамадзянам краіны па справе аб шпіянажы на карысьць Расеі

Порт у Клайпедзе

Клайпедзкі акруговы суд Літвы вынес прысуд двум грамадзянам краіны — Аляксею Грэйчусу і Міндоўгу Тунікайцісу — па справе аб шпіянажы на карысьць Расеі, паведамляецца на сайце суду.

Кіраўнік Балтыйскай маладзёжнай асацыяцыі Juvenis Грэйчус, які ў 2015 годзе балятаваўся ў гарадзкі савет Клайпеды па сьпісе партыі «Саюз рускіх Літвы», не прызнаў віну. Ён атрымаў чатыры гады турмы. Тунікайціс, які прызнаў віну, быў прыгавораны да паўтара года пазбаўленьня волі. Ён таксама балятаваўся ў раду самакіраваньня гораду Пагегяй.

Паводле матэрыялаў суду, абвінавачаныя не былі знаёмыя адзін з адным, але абодва былі зьвязаныя з супрацоўнікам памежнага ўпраўленьня ФСБ Расеі па Калінінградзкай вобласьці. Па дадзеных пракуратуры, ён прадставіўся ім выдуманым імем і выдатна размаўляў па-літоўску. Яны зьбіралі інфармацыю і перадавалі яе за пэўную плату.

Аляксей Грэйчус амаль чатыры гады, як паведамляецца, арганізоўваў мерапрыемствы на грошы, якія яму даваў супрацоўнік ФСБ, а таксама фатаграфаваў усё гэта і здымаў на відэа. Грэйчус адмаўляў віну, але суд прыйшоў да высновы, што яго віна ў шпіянажы даказаная.

Міндоўг Тунікайціс пражываў на мяжы і ўвесь час выяжджаў у Калінінградзкую вобласьць. Амаль шэсьць гадоў літовец здымаў на фота і відэа аб’екты, знаходзіў інфармацыю і перадаваў яе. Абвінавачаны, як адзначылі ў судзе, прызнаў віну, а яго паказаньні сфармавалі ўяўленьне аб расейскай выведнай дзейнасьці ў краіне.

Акруговы суд адзначыў, што хоць зьвесткі, якія сабралі абвінавачаныя, не зьяўляюцца дзяржаўнай таямніцай, заканадаўчы орган прыраўнаў інфармацыю, якая мае інтарэс для замежнай выведкі, да зьвестак, якія зьяўляюцца дзяржаўнай таямніцай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Холдынг «Газпром-Медиа» адмаўляў у ролях артыстам, якія падтрымалі Навальнага. Сярод іх беларуска