«Былі на маршах, сядзелі ў адной турме, і гэтую гісторыю ўжо ня сьцерці». Свабодны тэатар рыхтуе спэктакль пра жнівень-2020

Беларускі Свабодны тэатар правёў адкрытую рэпэтыцыю новага спэктакля «Gloomy sunday». Ён прысьвечаны падзеям 9 жніўня 2020 году. Акторкі, харэографка, псыхатэрапэўтка падзяліліся ўражаньнямі са Свабодай.

Дзеля рэпэтыцый Беларускі Свабодны тэатар сабраўся ў Кіеве на рэзыдэнцыю. Трупа мусіла пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі.

«Я слухала сілавікоў і крыкі ў жніўні, таму мне нічога ня трэба прыдумляць»

Падчас рэпэтыцый новага спэктакля з акторамі працавалі псыхатэрапэўтка Тацяна Данцова з арганізацый ВОСТОК-SOS і доктарка Імке Хансэн з Libereco — Partnership for Human Rights.

«Яны выцягвалі нас на кожным моманце, калі ў нас былі трыгеры, а было гэта вельмі часта, улічваючы, што мы ўцяклі зь Беларусі наўпрост сюды на рэзыдэнцыю. Гэта для нас сур’ёзнае выпрабаваньне — гаварыць пра свой боль, бо думаеш, што гэта сорамна, камусьці ж баліць мацней. Дзякуючы псыхатэрапэўтам мы змаглі знайсьці сілы, і гэты праект адбыўся», — кажа прадакшн-мэнэджар Свабоднага тэатру Сьвятлана Сугака.

Cьвятлана Сугака ў цэнтры

Сьвятлана трапіла ў турму летась у жніўні, у самыя жорсткія дні. У спэктаклі дзяўчына сама грае сілавіка, які лаяўся матам, зьдзекаваўся, зьбіваў.

«У жніўні я сама бачыла сілавікоў, чула гэтыя крыкі. Момант удушэньня ў спэктаклі, недахоп паветра — гэта ўсё пра мяне, мая гісторыя. І як мне быць сілавіком? З аднаго боку, я стараюся не ўключацца, бо яно мне ня трэба. Зь іншага боку, немагчыма не ўключацца. Як толькі ты пачынаеш агрэсіўна сябе паводзіць, тваё цела гатовае ісьці далей. Ты пачнеш з агрэсіўных выказваньняў, крычыш на кагосьці, і вось наступны крок — ты ўжо гатовы ўдарыць».

Сьвятлана Сугака

Сьвета кажа, што паколькі яна прайшла гэты траўматычны досьвед, то ня хоча, каб яе сябры на сцэне праходзілі праз тое ж самае. Таму адразу пасьля рэпэтыцый выбачаецца за сваю жорсткасьць.

«Я потым у Імке пыталася, як мне быць з гэтым станам „Гэй, давай, бл... чаго глядзіш!“. Я рада, што ёсьць спэцыялісты, якія цябе потым проста „выключаюць“ з гэтага. Я слухала сілавікоў і крыкі вельмі доўга ў жніўні, і я ведаю гэтую інтанацыю на памяць, мне нічога ня трэба прыдумляць. Адмысловая інтанацыя, манера паводзінаў, пастаноўка цела — і ты ўжо баісься», — кажа Сьвета.

«Для мяне быў выклік — як расказаць пра катаваньні»

«Гэта трэба бачыць, трэба ведаць. Гісторыя перапісваецца ўвесь час, і мы так хутка адпускаем лейцы, даем наступнаму пакаленьню фармаваць карцінкі. Але гэта наша адказнасьць — захаваць падзеі, неяк дакумэнтаваць і архіваваць іх», — кажа харэографка Вольга.

Частка спэктакля, якую паказалі, — цялесны досьвед агульнай траўмы, гвалт, перапрацаваны ў арт-выказваньне, тлумачыць Вольга.

«Гэта дасьледаваньне, лябараторыя. Гэта яшчэ не зусім прадукт, а вельмі асьцярожны пачатак, спроба перапрацаваць і стварыць цялеснае выказваньне, — кажа яна. — Для мяне быў выклік — як расказаць пра катаваньні, пераасэнсаваць, раскласьці на часткі. Вядома, мы можам уключыць аўдыёзапіс катаваньняў і пакінуць людзей успрымаць гэта. Але трэба памятаць, што чалавек прывыкае да ўсяго, і ў той момант, калі той бок лаяўся матам, людзі Шэксьпіра чыталі ўголас у камэры, гулялі ў мафію, каб заставацца жывымі».

«Цела не забылася, што яно было ў турме, у аўтазаку. І мы менавіта гэта хочам паказваць»

Доктарка Імке Хансэн з арганізацыі Libereco — Partnership for Human Rights кажа, што перажывала пра тое, як пачаць працу, калі людзі яшчэ так глыбока ў смутку, бездапаможнасьці, пачуцьці віны.

«Але мы вельмі хутка ўсе сышліся, і я была ў захапленьні, наколькі яны ўсе адкрытыя і сьмелыя. А ў працы зь целам патрэбная сьмеласьць, бо трэба паказваць яго імпульсы. Усе давяралі адно аднаму, быў такі азарт, такое натхненьне. Гэта быў вельмі цікавы досьвед, як акторы шукаюць агульную мову, рухі, сюжэты праз тое, што іх цела не забылася, яно было ў гэтай сытуацыі, было ў турме, у аўтазаку, было ўсюды, і мы менавіта гэта хочам паказваць», — кажа доктар Імке Хансэн.

Імке адзначае, што ў працы з траўматычным досьведам важна, каб побач былі людзі, якія падтрымаюць. У выпадку такога спэктакля гэта спатрэбіцца і акторам, і гледачам.

«Падчас паказу людзі сутыкаюцца з рознымі момантамі, флэшбэкамі, якія іх надрываюць, а гэта было вельмі часта тут. Мы спрабавалі нейкі гук, сцэну, і кагосьці „накрывала“. Таму трэба, каб хтосьці быў побач, хто дапаможа чалавеку досыць хутка і эфэктыўна перапрацаваць гэты боль так, каб сытуацыя захавалася, але сам боль сышоў. Наогул праца з траўмай патрабуе, каб ты не трымаў усё ў сабе, а дзяліўся, дазваляў свайму целу гаварыць».

Доктар зьвяртае ўвагу, што калі б людзі маглі прымаць стрэс і траўму, то праблем было б менш.

«Я не прыдумала свой стрэс, ён ёсьць, гэта маё цела. І калі мы хочам сябраваць зь целам, з нэрвовай сыстэмай, тады кагнітыўнае мысьленьне нам дапаможа слухаць наша цела. Хлопцы і дзяўчаты ў групе — натуральныя таленты гэтага. Было вельмі прыемна бачыць, як добра людзі працуюць і сябруюць са сваім целам і хочуць працаваць глыбей са сваёй сьвядомасьцю», — кажа доктарка.

«Пасьля 9 жніўня ва ўсіх накіпела, і як фантан пачынала ўжо біць з нас»

Акторка Марына Якубовіч прызнаецца, што пасьля рэпэтыцый адчувала палёгку.

«Гэта вельмі цікавы досьвед, бо Свабодны тэатар заўсёды працуе інтэнсіўна. Мы за месяц рабілі спэктакль, а тут такі спакойны рэжым. Было вельмі камфортна, што нас падтрымлівалі спэцыялісты. За ўвесь гэты пэрыяд пасьля 9 жніўня ва ўсіх набралася, накіпела. Нам трэба было ўжо пачынаць размаўляць пра гэта, выліваць, бо яно як фантан пачынала ўжо біць з нас», — кажа акторка Марына Якубовіч.

Марына Якубовіч зправа на падлозе

Акторка Юля Шаўчук дадае, што ёй здавалася, быццам усё ў парадку і ніякай траўмы няма, пакуль не пачалася сумесная праца.

«У першы дзень, калі мы сустрэліся з хлопцамі і дзяўчатамі, якія зьехалі паўгода таму, была відавочная розьніца, наколькі мы, прыехаўшы толькі што, траўмаваныя. Для мяне было дзіўным, што калі я зьяжджала з краіны, думала, буду сумаваць і галасіць па Менску, але пакуль у мяне такога ня ўзьнікла. Я зараз не хачу ў Беларусь, бо там гамон, тэрор».

Падчас спэктакля зь Юлі зьдзекуюцца і абмотваюць яе чырвона-зялёным скотчам. Дзяўчына кажа, што ў гэты момант ня думае пра кепскае, а стараецца зручней згрупавацца, каб Сьвеце, якая грае сілавіка, было прасьцей яе цягаць па сцэне.

Юля Шаўчук

«Гэта было першае, што мы сабралі, і я не разумею, колькі гэта цягнулася па часе. Цікава, што першая сцэна ў нас не атрымлівалася, але калі мы паказалі гледачам, у нас зьявіўся аб’ект, гэта стала працаваць».

«У болі таксама вельмі шмат прыгажосьці»

Падчас выступу акторы ўвесь час узаемадзейнічалі з гледачамі. «Сілавікі», напрыклад, адразу аддзялілі іх чырвоным скотчам, а потым крычалі ў твар, здымалі на тэлефон і прымушалі назваць імя, прозьвішча і дату нараджэньня, як гэта робяць у беларускай турме.

«Мы не такі тэатар, дзе глядач сядзіць у камфортных крэслах, гэта наогул не пра нас, — кажа Сьвета Сугака. — Калі мы можам вас задзейнічаць, мы вас задзейнічаем, таму што вы павінны быць унутры працэсаў. Гэта ня мы перажываем, а вы на нас гледзіце, мы разам з вамі ў гэтай гісторыі. Мы разам былі на маршах, мы разам з гледачамі сядзелі ў адной турме, у адных камэрах, і гэтую гісторыю ўжо ня сьцерці. Мы ўсе сталі свабодныя, і якім чынам, мы пакуль ня ведаем. Давайце гэты боль і страх акумулюем, адкрыем, атрымаем асалоду ад прыгажосьці, таму што ў болі таксама вельмі шмат прыгажосьці, адпусьцім і пойдзем далей».

Праца над спэктаклем працягнецца ўвесну.