Гэта адбылося ў ваколіцах Крынак і Белавежы. Каб перасекчы мяжу, мігранты зламалі агароджу, Частку мігрантаў удалося вярнуць на лінію мяжы, астатніх шукаюць, паведаміла Радыё Беласток.
Паводле ж прадстаўніка польскай памежнай службы Міхала Такарчыка, усіх мігрантаў затрымалі, паведаміў ён Радыё Люблін, перадае TVP.
«Гэта не была спакойная ноч на мяжы Польшчы і Беларусі. Было шмат спробаў парушэньня польскай мяжы. Усе, хто прарваўся, былі затрыманыя. На мяжы цяпер 15 тысяч салдатаў», — сказаў Марыюш Блашчак на Першым канале Польскага радыё.
«Калі ў нас два дні таму была адна вялікая група, сканцэнтраваная непадалёк ад Кузьніцы Беластоцкай, і там была такая спроба перасячы мяжу, то цяпер маем справу зь меншымі, але шматлікімі групамі, якія адначасова атакуюць мяжу», — адзначыў міністар.
Польская паліцыя апублікавала фота затрыманых увечары 9 лістапада мігрантаў.
Тым часам у лягеры мігрантаў у ваколіцах Кузьніцы сытуацыя спакайнейшая, паведаміла Радыё Беласток. Паводле польскіх службаў, беларускія службоўцы перадалі мігрантам ежу і пільнуюць іх.
Беларускі памежны камітэт заявіў, што ўначы ў лягеры мігрантаў выявілі чатырох курдаў зь сьлядамі гвалту. Паводле БПК, мігрантаў сілай выштурхнулі на беларускі бок польскія памежнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стральба і новыя спробы прарыву ў Польшчу. Крызіс на мяжы: што адбываецца 10 лістапада