За вызваленьне Арцёма Баярскага падпісаліся 47 навукоўцаў Расейскай акадэміі навук

Арцём Баярскі, архіўнае фота

15 акадэмікаў, 26 членаў-карэспандэнтаў і 6 прафэсараў Расейскай акадэміі навук выступілі з адкрытым лістом з нагоды перасьледу Арцёма Баярскага.

Яны адрасавалі ліст генпракурору Беларусі Андрэю Шведу і старшыні Менскага гарадзкога суду Тацяне Тупік.

Навукоўцы пішуць, што глыбока занепакоеныя «перасьледам нашага калегі Арцёма Юрʼевіча Баярскага».

Яны зьвяртаюць увагу на тое, што з сакавіка Арцёму Баярскаму «не перадаюць падручнікі, не дастаўляюць лісты, не аказваюць неабходную мэдычную дапамогу».

Асаблівую трывогу навукоўцаў выклікаюць паведамленьні пра тое, што ў зьняволеньні Арцёма Баярскага білі.

«Маладыя навукоўцы — будучыня навукі і будучыня дзяржавы.

Мы заклікаем пракуратуру і суд да справядлівага і непрадузятага вядзеньня справы.

Мы просім суд вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты.

Мы працягваем уважліва сачыць за разьвіцьцём справы Арцёма Баярскага», — гаворыцца ў адкрытым лісьце.

Навукоўцы, якія падпісаліся пад лістом, належаць да клюбу «1 ліпеня» — нефармальнага абʼяднаньня акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, ня згодных з рэформай Расейскай акадэміі навук. Клюб існуе з 2013 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачытаў амаль усё Сьвятое Пісаньне». Бацькі экс-студэнта БДУ Баярскага сустрэліся з сынам

Хто такі Арцём Баярскі

Арцёму Баярскаму 20 гадоў, ён паходзіць з Горадні. Вучыўся на другім курсе хімфаку БДУ. У жніўні 2020 году адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам з сотняй іншых студэнтаў. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах па хіміі. Пасьля затрыманьня яго выключылі з БДУ. У верасьні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўтаса Вялікага на бакаляўрскую праграму «Біятэхналёгія».

Першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада 2020 году пасьля маршу сталых людзей у Менску. Тады арыштавалі на 15 сутак.

Другі раз яго жорстка затрымалі сёлета 24 сакавіка за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Спачатку ён адбыў адміністрацыйны арышт. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (пагражае да 7 гадоў калёніі). Зьявілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Ён расказаў, што перад тым, як запісвалася гэтае відэа, яго білі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апроч Лукашэнкі, ніхто ня зможа ўзначаліць Беларусь». Дзед хлопца, абвінавачанага ў экстрэмізьме, пра ўнука і арышты. ВІДЭА