Францыя затрымала брытанскі рыбалавецкі траўлер

Брытанскі востраў Джэрзі ў праліве Ля-Манш паміж Францыяй і Англіяй

Францыя ў ноч на чацьвер затрымала ў сваіх водах брытанскі рыбалавецкі траўлер — на фоне абвастрэньня спрэчкі паміж Парыжам і Лёнданам аб рыбалоўных ліцэнзіях, а таксама аб мытным кантролі

Улады Францыі заявілі, што брытанскае судна лавіла рыбу ў францускіх водах без неабходнай ліцэнзіі. Пад наглядам судоў марской жандармэрыі яно было накіраванае ў порт Гаўру. Улоў канфіскаваны, а капітану, як паведамляецца, пагражае крымінальны перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Або Польшча, або сьмерць». Што кажуць мігрантам беларускія памежнікі

Спрэчкі аб рыбалоўстве працягваюцца апошнія месяцы. Брытанія адмаўляецца выдаваць францускім рыбалоўным судам дадатковыя ліцэнзіі на вылаў рыбы ў брытанскіх водах. У сераду Францыя абвясьціла пра захады ў адказ — з 2 лістапада яна зробіць больш жорсткім мытны кантроль на мяжы з Брытаніяй, якая пасьля выхаду з ЭЗ перастала быць часткай эўрапейскага агульнага рынку. Францыя таксама прыгразіла спыніць экспарт электраэнэргіі ў Брытанію, якая і без таго сутыкаецца апошнім часам з энэргетычным крызісам.

Прадстаўнік брытанскіх уладаў сказаў, што дзеяньні Францыі расчароўваюць, назваў іх непрапарцыйнымі і «не такімі, якіх мы чакалі б ад саюзьніка і партнэра». Улады Францыі падкрэсьліваюць, што гатовыя да перамоваў.