Афганістан: у выбуху загінуў рэгіянальны кіраўнік паліцыі «Талібану»

Сталіца правінцыі Кунар Асадабад, дзе адбыўся выбух

У выніку выбуху бомбы ў сталіцы правінцыі Кунар Асадабадзе на ўсходзе Афганістану загінуў мясцовы кіраўнік паліцыі талібаў, яшчэ 11 чалавек параненыя.

Сьведкі расказалі Радыё Свабода, што мішэньню бомбы быў аўтамабіль з кіраўніком паліцыі «Талібану» ў раёне Шыгал. Мясцовыя прадстаўнікі «Талібану» не раскрываюць падрабязнасьцяў інцыдэнту.

Лекар Цэнтральнага шпіталя Асадабаду на ўмовах ананімнасьці паведаміў Радыё Свабода, што 12 чалавек, параненых у выніку выбуху, былі шпіталізаваныя. Ён пацьвердзіў, што прызначаны талібамі начальнік паліцыі раёну Шыгал Абдула Ірфан памёр ад раненьняў.

Сярод параненых таксама былі сем цывільных асобаў, у тым ліку школьнік, дадаў лекар.

Ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за напад, але правінцыйная галіна экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава — Харасан» (IS-K), якая дзейнічае на ўсходзе Афганістану, раней брала на сябе адказнасьць за падобныя напады на «Талібан».

Супрацьстаяньне паміж талібамі і «ІД-Х» працягваецца з моманту іх зьяўленьня ў Афганістане ў 2014 годзе.

«ІД-Х» узяла на сябе адказнасьць за некаторыя з апошніх нападаў, у тым ліку выбух сьмяротніка сярод вернікаў на мінулым тыдні ў шыіцкай мячэці ў правінцыі Кундуз, калі загінулі каля 100 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы заяўляюць пра затрыманьне 4 баевікоў «Ісламскай дзяржавы» пад Кабулам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Афганістане мільёну дзяцей пагражае сьмерць ад голаду