Падаўжэньне арышту для Івуліна
Спартовы журналіст, аўтар папулярнага youtube-каналу «ЧестнОК» Аляксандар Івулін застанецца за кратамі. 4 кастрычніка ў яго скончыўся тэрмін папярэдняга ўтрыманьня ў крымінальнай справе, аднак на волю ён ня выйшаў, паведаміў тэлеграм-канал праекту, які цяпер вядзе калега Івуліна Яраслаў Пісарэнка. Гэта сьведчыць пра тое, што сьледчы ізноў працягнуў Івуліну арышт.
У зьняволеньні журналіст ад 4 чэрвеня. Спачатку яго затрымалі нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе, а затым ня выпусьцілі пасьля адміністрацыйных «сутак» і завялі на яго крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал і чат «ЧестнОК» прызналі экстрэмісцкіміІзаляцыя для Калесьнікавай
Як стала вядома «Нашай ніве», Марыі Калесьнікавай ствараюць «асаблівыя ўмовы» ў СІЗА № 1, дзе яна знаходзіцца апошнія 9 месяцаў. Са слоў аднаго з асуджаных, калі Марыю вядуць па калідорах, баландзёраў заганяюць у асобныя памяшканьні, каб яны яе ня бачылі.
Баландзёры — гэта асуджаныя, якія адбываюць пакараньне ў СІЗА ў гаспадарчым атрадзе; яны, напрыклад, разносяць ежу вязьням.
«Калі вядуць Калесьнікаву, усіх заганяюць у памяшканьні, бо яна ідзе і з усімі вітаецца, спрабуе размаўляць. І на ўвесь калідор крычыць: «Чаму вы хаваеце ад мяне людзей?» — расказаў адзін з асуджаных.
Вядома, што, калі Марыю вазілі на суд, яна расказвала канваірам гісторыю музыкі. Цяпер Калесьнікава асьцерагаецца, што ад татальнага курэньня іншых вязьняў у камэрах і нават на шпацырах яна можа ў будучыні назаўсёды разьвітацца са сваім інструмэнтам — флейтай.
6 верасьня Марыю Калесьнікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі. Пакуль прысуд не набыў моц, яна знаходзіцца ў СІЗА. Віны Марыя не прызнала і разам з адвакатам падала скаргу на прысуд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава паведаміла, што амаль паўгода сядзіць у адзіночнай камэрыПалітычныя зьняволеныя ў Беларусі застаюцца ў надзвычай складаных умовах, акрамя таго, сувязь зь імі штучна ўскладненая. Нярэдка такім людзям забараняюць спатканьні са сваякамі, абмяжоўваюць перадачы, ствараюць іншыя дадаткова неспрыяльныя ўмовы ўтрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены праваабаронца Судаленка: «Сьведкі кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку»