Польскія памежнікі сфатаграфавалі з паветра лягер мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю

Імправізаваны лягер мігрантаў, якія затрымаліся на мяжы з Беларусьсю

Памежная служба Польшчы апублікавала ў Твітэры фатаграфіі з самалёта, які патрулюе польска-беларускую мяжу. На здымках бачны імправізаваны лягер мігрантаў, якія затрымаліся на мяжы з Беларусьсю.

У пачатку жніўня на беларуска-польскай мяжы недалёка ад польскага населенага пункта Уснаж-Гурны (Падляскае ваяводзтва), зьявіўся імправізаваны лягер мігрантаў. Гэтыя людзі спрабавалі незаконна перасячы мяжу Польшчы з боку Беларусі, але польскія памежнікі не пусьцілі іх на сваю тэрыторыю, а беларускія не дазволілі вярнуцца назад. З таго часу каля 30 грамадзянаў Афганістану застаюцца на мяжы дзьвюх краін.

Польскія ўлады цьвердзяць, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Як паведамляў тэлеканал TVP Info са спасылкай на прадстаўніцу Памежнай службы Польшчы Ганну Міхальскую, беларускія памежнікі ў лісьце польскім калегам пацьвердзілі, што мігранты знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. Пазьней беларускія службы заяўлялі, што лягер разьмешчаны ў Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь вярнула на сваю тэрыторыю мігрантаў, якія месяц жылі побач з нэўтральнай паласой
  • У суботу 2 кастрычніка польская памежная служба зафіксавала 398 спробаў незаконнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы. Яшчэ 29 чалавек, якія незаконна перайшлі мяжу, і тры чалавекі, якія дапамагалі ім, былі затрыманыя.