Купацца сьмяротна небясьпечна. «Любанскія Мальдывы» так і не дачакаліся інвэстара. ФОТА

Адлюстраваньне ў крэйдавым кар’еры пад Любаньню

Не абавязкова ляцець на трапічныя астравы, каб на ўласныя вочы пабачыць водную паверхню смарагдавага адценьня. Дастаткова праехаць паўтары сотні кілямэтраў на поўдзень ад сталіцы і збочыць на Любань.

За апошнія гады ў крэйдавых кар’ерах пад Любаньню патанулі больш за дзясятак чалавек. Але людзі ўсё роўна едуць сюды, каб на ўласныя вочы пабачыць смарагдавую роўнядзь а-ля Мальдывы. Рэпартаж Свабоды.

Праз трансгранічныя абмежаваньні на фоне пандэміі каранавірусу і ва ўмовах авіясанкцый беларусы больш актыўна вывучаюць нязьведаныя куткі сваёй краіны. Сярод ці не найбольш эмацыйных адкрыцьцяў — «беларускія Мальдывы», або закінутыя крэйдавыя кар’еры. Унікальныя сваім ляндшафтам і пры гэтым надзвычай небясьпечныя.

Ляндшафтны бонус да прамысловай актыўнасьці

Па ўсёй Беларусі ёсьць цэлы шэраг месцаў, дзе прамысловая актыўнасьць пакінула пасьля сябе выдаткі бурнай некалі дзейнасьці — вялізныя катлаваны з блакітнай ці нават смарагдавай вадой. Гэта вынік здабычы крэйды на будаўнічыя патрэбы: пасьля вычарпаньня падземных рэсурсаў кар’еры затапляюць, або яны паступова запаўняюцца самі.

Крэйдавая парода на мелкаводзьдзі

Самыя папулярныя для турыстаў-экстрэмалаў — на Горадзеншчыне пад Ваўкавыскам і побач з самой Горадняй; на Берасьцейшчыне недалёка ад Бярозы; на Магілёўшчыне па суседзтве з Клімавічамі і Крычавам; на Меншчыне ў раёне Любані. Апошняя лякацыя праз блізкасьць да буйных гарадоў — Менск, Салігорск, Слуцак — прыцягвае мноства аматараў захапляльных пэйзажаў і актыўнага адпачынку.

Каля вёскі Хоцінава Любанскага раёну цягам 1979–1999 гадоў на дзьвюх пляцоўках здабывалі крэйду для атрыманьня вапны, неабходнай у вытворчасьці сылікатнай цэглы. Нарыхтоўку вяла філія № 6 камбінату будаўнічых матэрыялаў ААТ «Беларускі цэмэнтны завод». Пасьля 20-гадовага выманьня пароды запасы вычарпаліся, транспартэры дэмантавалі, экскаватары вывезьлі.

Большы ў памерах карʼер № 1 і крыху меншы № 2

Два адпрацаваныя кар’еры неўзабаве запоўнілі вадой. Так у атачэньні сасновага бору паўсталі блакітныя азёры, або «беларускія Мальдывы» — пры пэўнай долі фантазіі смарагдавая паверхня і белыя схілы сапраўды здольныя выклікаць асацыяцыі з роўнядзьдзю акіяну. Праўда, на гэтым параўнаньні і заканчваюцца: купацца тут сьмяротна небясьпечна, пра што сьведчаць імправізаваныя міні-мэмарыялы ўздоўж берагавой лініі.

Але прыгажосьць прыцягвае як магнітам. Нягледзячы на тое, што зусім недалёка ў разы большае Любанскае вадасховішча (пятае ў краіне паводле плошчы воднага люстэрка), туды турыстычныя сьцяжынкі чамусьці не пратаптаныя. А вось кар’еры сталі нібыта месцам паломніцтва. Байкеры на прывале, аматары фатасэсій, нават выязныя карпаратывы — каго толькі не сустрэнеш.

Любанскае вадасховішча, адно з найбольшых у Беларусі

На «блакітныя азёры» едуць перадусім па нязвыклае відовішча — колер вады. Характэрнае лязурнае адценьне тлумачыцца хімічнай навукай: празрыстасьць забясьпечвае крэйда, якая не дае хутка размнажацца водарасьцям і мікраарганізмам. Зрэшты, шчолачны балянс паступова мяняецца, і пры беразе разрастаецца трава ды чарот, прытулак для падводнай жыўнасьці. Мясцовыя «палююць» на шчупака і акуня — адрозна ад вадасховішча, тут рыбалка бясплатная.

Ёсьць меркаваньне, што праз прымесі вада непрыдатная для купаньня, шкодная для скуры і дыхальных органаў. Але ўцямнага тлумачэньня такім гіпотэзам няма, не пацьвярджаюць гэтага і санітарна-эпідэміялягічныя службы. Перадусім таму, што крэйда, якая тут здабывалася, не распушчаецца, а ляжыць на дне. Узбаламуціць яе можна толькі фізычна, плаваючы ля берага.

Берагавая зеляніна зьліваецца з вадой

Найбольшую небясьпеку ўяўляе іншае — вялікая глыбіня кар’ераў, дзе-нідзе аж да 40 мэтраў. А яшчэ вельмі сьлізкія стромыя схілы, за якія практычна немагчыма зачапіцца — глеба кансыстэнцыяй нагадвае мокрую гліну.

Ня страціць пільнасьць у рэжыме рэляксу

Паводле ратавальнікаў, пагроза ў першую чаргу — гэта крутыя (да 45 градусаў), а часам амаль вэртыкальныя схілы з пастаяннай рызыкай апоўзьня. Мяккая паверхня складаецца не зь пяску, а зь няўстойлівых вапнавых адкладаў, якія могуць сьцягнуць за сабой уніз. Да таго ж яны вельмі сьлізкія. Ня надта дапамагаюць і самаробныя імправізаваныя прыступкі, якія раскісаюць ад першага ж дажджу.

Асобныя ўчасткі цалкам непрыступныя

Па-другое, шматгадовая праца экскаватараў пакінула ўнушальныя катлаваны. Як вынік, некалькі крокаў ад берага — і адразу бездань. Вадалазы падчас вучэньняў апускаліся на 35 мэтраў і ні ўва што так і ня ўперліся. Некалькі тапельцаў дагэтуль лічацца зьніклымі бязь вестак, абсталяваньне ў ратавальнікаў не дазваляе пагрузіцца на самае дно.

Па-трэцяе, нават у сьпёку вада праграваецца толькі на мэтар-паўтара. І калі даваць нырца, атрымліваецца рэзкі перапад тэмпэратуры — як з жароўні ў лядоўню. А гэта рызыка сардэчнага прыступу ці сутаргаў. З алькагольнай бравадай камбінацыя выходзіць зусім небясьпечная. У выніку празь недаацэнку сытуацыі людзі тонуць кожны год.

Глыбінныя воды не праграваюцца нават у сьпякоту

Купаньне ў забароненых месцах пагражае штрафам да трох базавых велічынь, аднак гэта ня стрымлівае. Міліцэйскія рэйды нерэгулярныя, а папераджальны знак пра пакараньне павальна ігнаруецца. На меншым кар’еры ёсьць некалькі трамплінаў для ныраньня, дзеля большага адрэналіну можна разгайдацца і на вяроўках, прывязаных да дрэваў. Мала таго, сёй-той лезе на глыбіню разам зь дзецьмі.

У Ваўкавыску, дзе падыход да закінутых кар’ераў яшчэ больш стромкі, зь «дзікунамі» змагаюцца радыкальна: і без таго складаныя пад’езды скрозь перакапаныя, а штрафы за парушэньне непараўнальныя зь любанскімі. І нашмат больш шанцаў нарвацца на засаду дзяржаўных кантралёраў. А пад Горадняй, каб адвадзіць наведнікаў, некаторыя кар’еры пачалі засыпаць.

«Мальдзівавічы» і пераход да кар’ераў

У Любані абмежаваньні не такія строгія — татальнай ізаляцыі не спрыяе перадусім месцазнаходжаньне. Кар’еры акурат пры аўтамабільнай дарозе і ў крокавай даступнасьці да вёсак Хоцінава і Мардзьвілавічы (апошнюю праз гукавое падабенства між сабой называюць жартам Мальдзівавічы). Адно што на некаторых участках паміж азёрамі ўзьвялі насыпы, каб не ператварыць тэрыторыю ў «аўтабан». Але хто ведае абходныя шляхі, пад’яжджае практычна да самай вады.

Амбітныя пляны інвэстара і дачасная капітуляцыя

Пасьля таго як брыгады Любанскага камбінату будматэрыялаў сышлі з крэйдавых распрацовак, навакольны бор, а разам зь ім і штучныя вадаёмы перадалі мясцоваму лясгасу, якому прадпісана сачыць за парадкам: прыбіраць сьмецьце, спыняць грыбнікоў у пажаранебясьпечны сэзон, затрымліваць браканьераў.

Сьляды чалавечай прысутнасьці

Але галоўнай праблемай урэшце аказаліся купальцы. На тэхнічных азёрах, не абсталяваных для адпачынку, апрыёры не прадугледжваліся ні пікнікі, ні пляжы, ні ратавальнікі. Таму пры ўсёй сваёй прыгажосьці кар’еры атрымалі і рэпутацыю «гіблага месца» — лік тапельцам ідзе на дзясяткі.

Калі бяду нельга папярэдзіць, трэба хоць бы прыстасаваць тэрыторыю, каб бавіць тут час можна было бясьпечна, лягічна падумалі любанскія ўлады і некалькі гадоў таму нават заявілі пра амбітны бізнэс-праект з удзелам замежнага інвэстара (фігураваў ананім з Эгіпту). Агучваліся задумы стварыць утульны куток з кемпінгам, рэстаранам, гасьцявымі домікамі, лазьняй — балазе, адзін зь нястромкіх берагоў цалкам гатовы да акультурваньня.

Правабярэжны бок вялікага кар’ера цалкам даступны

Былі пляны наконт дайвінгу — з улікам празрыстасьці вады і зручнай лягістыкі аб’ектыўна адзін з найлепшых у краіне адрасоў для падводнага плаваньня. Дарэчы, вайскоўцы спэцпадразьдзяленьняў яшчэ раней аблюбавалі гэтае месца для трэніровак і кожную восень адточваюць майстэрства арыентаваньня на крытычных глыбінях.

Нягледзячы на нявызначаны статус аб’екта («тэхнічныя кар’еры без магчымасьці іншай дзейнасьці»), афіцыйныя СМІ адрапартавалі пра 5-гадовую арэнду на «водную роўнядзь» зь першачарговым правам яе працягу. Думалі пачаць з разьвядзеньня рыбы, бо для атрыманьня зямлі патрабавалася зрабіць адмысловы праект і зацьвердзіць яго ў Менскім аблвыканкаме. Апярэджваючы падзеі, нават змантавалі важкую канструкцыю для спуску на ваду — спаруду цяпер выкарыстоўваюць як трамплін для скачкоў ды сэлфі.

Экстрэмальны трамплін і месца для рэляксу

Так і невядома, на якім этапе зьбіліся напалеонаўскія пляны, аднак імпэт інвэстара ў выніку зьнік. Пазьней улады апраўдваліся: маўляў, патэнцыйнага партнэра напалохалі аб’ёмы ўкладаньняў дзеля бясьпекі наведнікаў — у іншым выпадку кожная новая сьмерць на неабсталяваным «курорце» будзе на сумленьні новага гаспадара.

Мінімальнымі высілкамі камунальнікаў па пэрымэтры абодвух кар’ераў паставілі некалькі лавачак і сталоў, але гэтага яўна недастаткова для аншлягу, які ў сэзон назіраецца практычна кожныя выходныя. Вакол паўстаюць ня толькі саматужныя паветкі, а цэлыя намётавыя лягеры.

Разьвітаньне зь «любанскімі Мальдывамі»

Адсутнасьць уцямнага плянаваньня не спрыяе і экалёгіі — хаатычнае сьмецьце і кругі ад вогнішчаў зусім не ўпрыгожваюць навакольны пэйзаж. Ня кажучы пра тое, што шматлікія рэшткі «культурнага адпачынку» разносяцца ветрам па ўсёй акрузе.

Але і без інфраструктуры гэта надзвычай фатагенічнае месца — на фоне стромкіх схілаў, крэйдавых адкладаў ды празрыстай вады смарагдавага адценьня. Перадусім дзеля іх, а ня «вапнавых ваннаў», і варта наведаць «любанскія Мальдывы».