Замест беларушчыны — сьмерць і тэрор. Як нацыянальныя дзеячы паверылі бальшавікам і што з гэтага выйшла

Рупліўцы беларушчыны пачатку 1920-х: Аляксандар Уласаў (сядзіць пасярэдзіне) і аднадумцы

Рэпартаж да «дня народнага адзінства» з бурлівых некалі Радашкавічаў

Выдавец «Нашай Нівы» Аляксандар Уласаў сустракаў «чырвоных вызваліцеляў» яблыкамі, а кіраўнік суполкі Таварыства беларускай школы Браніслаў Тарашкевіч дзеля камуністычнага раю пагадзіўся на «шпіёнскі» абмен. Абодва хацелі служыць Беларусі, а паплаціліся жыцьцямі.

Сёньняшнія Радашкавічы — тыповы прыклад заштатнага мястэчка, якое паўстала з руінаў Другой сусьветнай вайны цалкам пазбаўленым адметнасьці. І ўсё меней жывых сьведкаў таго, як да 1939 году тут віравала актыўнае грамадзкае жыцьцё.

Моладзь пасьля школы тут не затрымліваецца, бо ня бачыць, куды прыкласьці сілы. А старое пакаленьне свой стан апісвае як тупіковае раздарожжа: выхоўваліся на польскі лад, раптам апынуліся пад саветамі, перажылі нямецкую акупацыю, а ўрэшце з «сумнеўнымі» нацыянальнымі рысамі нікому не патрэбныя.

«Тарашкевіца» як найвышэйшая форма прызнаньня заслугаў

Галоўным нацыянальным асяродкам у Радашкавічах, безумоўна, стала беларуская гімназія імя Францішка Скарыны, якая цягам 1920-х паставіла, можна сказаць, на канвэер падрыхтоўку сьвядомых кадраў.

Партрэт аднаго з пачынальнікаў ТБШ Браніслава Тарашкевіча ў хаце захавальніцы ягонай спадчыны Ірыны Ніжанкоўскай

На жаль, да мэмарыялізацыі знакавага адрасу так і не дайшло, хоць на пачатку 1990-х такія пляны і былі. А цяпер пражэкты і зусім прывідныя — над гімназіяй заўсёды лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а фатаздымкі кожнага новага выпуску былі з нацыянальнай сымболікай.

Ці ня самым вядомым месьцічам лічыцца грамадзкі дзяяч і палітык, мовазнаўца, акадэмік, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы Браніслаў Тарашкевіч. Акурат на навасьпечаны «дзень народнага адзінства» 17 верасьня ўлады прызначылі агучваньне рашэньня Вярхоўнага суду ў справе ліквідацыі ТБШ на пазоў Міністэрства юстыцыі. Нягледзячы на вэрдыкт, акурат сёлета чальцы арганізацыі маюць адзначаць яе 100-гадовы юбілей.

Браніслаў Тарашкевіч з жонкай Верай і сынам Радаславам

22 лютага 1921 году Цэнтральная беларуская школьная рада ў Вільні заснавала Таварыства дзеля актывізацыі асьветніцкай працы на месцах. А ўжо 7 сьнежня ўзьнікла першая суполка ў цяперашніх межах Беларусі — у Радашкавічах, і ўзначаліў яе Браніслаў Тарашкевіч.

Некалькімі гадамі раней ён выдаў «Беларускую граматыку для школ», якая адыграла выключную ролю ў станаўленьні літаратурнай мовы: замацаваў пісьмовыя традыцыі, абагульніў досьвед папярэднікаў, улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістыкі. Доўгі час гэта быў галоўны моўны падручнік, а дарэформавы (да 1933 году) правапіс называюць цяпер «тарашкевіцай» — нячасты спосаб прызнаньня заслугаў аўтара ня толькі ў беларускай, а і ў сусьветнай практыцы.

Сям’я Ўласавых: гаспадар з жонкай Аляксандрай у цэнтры, Браніслаў Тарашкевіч зь Верай Сьніткай стаяць зьлева

Іншая вядомая асоба, непарыўна зьвязаная з Радашкавічамі, — палітык, выдавец-рэдактар газэты «Наша Ніва» Аляксандар Уласаў. Перадусім зь ягонай ініцыятывы і пад эгідай Таварыства беларускай школы тут у 1922 годзе запрацавала гімназія, дзе вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. Да сэзону 1925/1926 вызначылася стабільная колькасьць у 150 вучняў; хто меў патрэбу, мог жыць у інтэрнаце.

Акрамя ўласна вучобы, гімназісты ладзілі тэатральныя дзеі для радашкаўцаў, выдавалі рукапісныя часопісы. Адным з тых вучняў быў Яўген Скурко — будучы паэт-экспэрымэнтатар Максім Танк. А мастацкім гуртком у гімназіі кіраваў такі ж экспэрымэнтатар у жывапісе Язэп Драздовіч.

Мастацкі гурток у гімназіі Радашкавічаў, другі справа сядзіць Язэп Драздовіч

З гэтых мясьцін родам і яшчэ адзін слынны дзяяч эпохі, публіцыст, пэдагог, актыўны сябра Таварыства беларускай школы Сымон Рак-Міхайлоўскі. Ён нарадзіўся ў суседняй Максімаўцы, у Радашкавічах скончыў пачатковую школу, а ў наступныя гады спрыяў пашырэньню асьветы па-беларуску ў самых розных месцах.

Зь мястэчкам зьвязаны і адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы Антон Лявіцкі, якога чытачы ведаюць пад незвычайным псэўданімам Ядвігін Ш. Пра гэта нават ёсьць сямейная легенда. Маўляў, у маладосьці ён моцна закахаўся ў нейкую Ядвігу Шабуневіч з Радашкавічаў, ды лёс ня даў быць разам. Але пачуцьці засталіся назаўсёды, і калі пачаў друкавацца, такім чынам «зашыфраваў» сваю каханую.

Мэмарыяльны камень у гонар Ядвігіна Ш., Радашкавічы

І гэта далёка ня поўны пералік выбітных імёнаў, бо выкладаць у гімназію адміністрацыя запрашала найлепшых на той час адмыслоўцаў у сваіх сфэрах.

Дарэчы, яшчэ ў дапольскія часы, калі беларускія землі былі пад расейскім панаваньнем, у 1913 годзе ў прысутнасьці Янкі Купалы менавіта ў Радашкавічах адбылася пастаноўка «Паўлінкі».

Радашкавічы як месца гарту праўдзівага інтэлігента

У нейкім сэнсе місію захаваньня памяці пра міжваенную гісторыю Радашкавічаў, якія на два дзясяткі гадоў сталі сапраўдным апірышчам беларушчыны, узяла на сябе мясцовая жыхарка і грамадзкая актывістка Ірына Ніжанкоўская. Яе мама Вера Сьнітка — выпускніца Смольнага інстытуту ў Петраградзе, пляменьніца Аляксандра Ўласава і першая жонка Браніслава Тарашкевіча.

Ірына Ніжанкоўская каля свайго дому ў Радашкавічах

У сямейных архівах засталося багата дакумэнтальных сьведчаньняў таго часу, хоць большая частка бясцэнных матэрыялаў страцілася ў пажарах ды падчас вымушаных перасяленьняў. Шматлікія дакумэнты 81-гадовая жанчына, якая міжволі стала асноўнай захавальніцай Тарашкевічавае спадчыны, перадала ў музэйныя фонды.

Як расказвае Ірына Ніжанкоўская, спачатку аднадумцы-«тэбэшоўцы» зьбіраліся на свае нарады ў суседняй Мігаўцы — маёнтку Аляксандра Ўласава. Дарэчы, гэта ён угаварыў Браніслава Тарашкевіча памяняць Вільню на Радашкавічы, каб падымаць тут беларускі дух. Сёньня ад той напаўпадпольнай штаб-кватэры нічога не засталося, за савецкім часам на пагорку з былой сядзібай паўстала вясковая забудова.

Пабудовы на месцы маёнтку Ўласавых у Мігаўцы

«Прозьвішчы Тарашкевіча, Уласава, Луцкевіча, Шырмы ў сувязі з культурна-асьветніцкім жыцьцём гучалі пастаянна. А яшчэ мама сябравала з Надзеяй Шнаркевіч, якая ад пачатку працавала ў сакратарыяце ТБШ. Таму зьяўленьне ў Радашкавічах гімназіі цалкам лягічнае. Праз тое, што Ўласаў меў у Мігаўцы маёнтак з 60 гектарамі зямлі, было вельмі выгодна зьбірацца. Там нават арганізоўвалі курсы настаўнікаў беларускіх школак. Дарэчы, мама прыехала сюды з Расеі ў 1922 годзе і з Тарашкевічам пазнаёмілася на адной з такіх сустрэч. Хоць і было пад 10 гадоў розьніцы ва ўзросьце, неўзабаве пабраліся шлюбам, нарадзілі сына Радаслава».

На пачатку 1920-х моўным рупліўцам досыць пасьпяхова ўдавалася адбіваць атакі прымусовай палянізацыі, пашыраючы свой уплыў па ўсёй Заходняй Беларусі.

Рупліўцы беларушчыны, у заднім шэрагу Аляксандар Уласаў, 1920-я

У немалой ступені гэтаму спрыяла тое, што ў выніку выбараў у Сэйм у лістападзе 1922 году паўстала фракцыя «Беларускі пасольскі клюб» з актыўнымі чальцамі ТБШ Браніславам Тарашкевічам, Аляксандрам Уласавым, Пятром Мятлой, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Адамам Станкевічам, Антонам Аўсянікам, Фабіянам Ярэмічам ды іншымі. Беларускае навучаньне атрымала парлямэнцкую падтрымку.

На красавіцкім (1923 году) зьезьдзе пэдагогаў беларускіх гімназій у выніковай рэзалюцыі так і пазначылі: мэта нацыянальнай школы — выхаваньне праўдзівага інтэлігента. І гімназіі ў Радашкавічах гэтаму працэсу належала асаблівая роля.

Шчырая беларушчына як самае небясьпечнае злачынства

У верасьні 1926 году адбыліся выбары Галоўнай управы ТБШ. За старшыню абралі Радаслава Астроўскага, а ў кіроўны склад увайшлі Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла і часты госьць Мігаўкі, вядомы фальклярыст і грамадзкі дзеяч Рыгор Шырма — менавіта ён стане апошнім за Польшчай кіраўніком арганізацыі.

Мэдальён з выявай Браніслава Тарашкевіча зь Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча ў хаце Ірыны Ніжанкоўскай

Рост нацыянальнай сьвядомасьці, палітызацыя ТБШ прывялі да рэпрэсіяў ад польскіх уладаў. У студзені 1927-га Браніслава Тарашкевіча арыштавалі за прапаганду камуністычных ідэяў і асудзілі на 12 гадоў астрогу. Праўда, спачатку тэрмін зьменшылі да 8 гадоў, а ў траўні 1930-га наагул вызвалілі зь віленскай Лукіскай турмы.

Нягледзячы на амністыю аднаго зь лідэраў ТБШ, аднавіць дзейнасьць у ранейшым маштабе не было як. Да таго ж абвастрылася ідэйна-палітычная разьяднанасьць паміж прапагандыстамі культурна-асьветніцкай дзейнасьці і прыхільнікамі ўхілу ў палітычную барацьбу.

Адбіткі пальцаў Браніслава Тарашкевіча ў паліцэйскай картатэцы

Колькасьць гурткоў пад дахам Таварыства тым часам імкліва скарачалася. Калі да 1930 году іх было амаль 500, і аб’ядноўвалі яны больш за 15 тысяч чалавек, дык да восені 1932-га гэтыя лічбы зьменшыліся ўтрая — да 150 гурткоў і 4 тысяч чалавек. І з кожным месяцам зьніжаліся далей.

У той жа год Браніслава Тарашкевіча затрымалі паўторна, асудзіўшы на 8 гадоў катаржнага астрогу. А налета здарылася гучная шпіёнская шматхадоўка: на памежнай станцыі Коласава яго абмянялі на вязьня Салаўкоў, драматурга і публіцыста Францішка Аляхновіча. Так Браніслаў Тарашкевіч апынуўся ў «камуністычным раі». Праўда, ненадоўга, бо ўяўнае вызваленьне аказалася сьмяротнай пасткай. Сьледам магла выправіцца і жонка, але ў апошні момант Вера Сьнітка забаялася за сына — «ворагамі народу» рызыкавалі стаць усёй сям’ёй.

Партрэт Веры Сьніткі ў хаце яе дачкі Ірыны Ніжанкоўскай

Нэўтралізацыя чальцоў Галоўнай управы ТБШ праз арышты, турмы, высылкі стала пунктам невяртаньня. Спыніў існаваньне шэраг пачатковых школак, а сьледам і беларускія гімназіі ў Радашкавічах (1929), Клецку (1931), Наваградку (1934). Канчатковым ударам па пазыцыях арганізацыі стала афіцыйная забарона 2 сьнежня 1936 году.

Аўтабіяграфія як акт самаабвінавачаньня «ворага народу»

З «вызвольнай місіяй» Чырвонай арміі і далучэньнем Заходняй Беларусі да БССР прыйшла іншая навала. Дзеля справядлівасьці, наступ на беларускую адукацыю пачаўся не адразу. Пакуль Масква была заклапочаная вынішчэньнем сьлядоў «панскай Польшчы», пачатковая і сярэдняя школа заставалася беларускамоўнаю. Але затым гісторыя паўтарылася, толькі ўжо з расейскім дыктатам.

Аляксандар Уласаў у атачэньні сямейнікаў

Хутка пад каток сталінскіх рэпрэсій трапілі і тыя, хто наіўна разьлічваў на паратунак з боку Масквы, працягвае Ірына Ніжанкоўская. Ужо ў немаладым веку, маючы 66 гадоў, гэта стала зь сябрам сям’і Аляксандрам Уласавым. Пры тым, што ў кампаніі з радашкавіцкімі дзецьмі той шчыра вітаў «вызваліцеляў», частуючы іх яблыкамі з уласнага саду.

«Мама згадвала, што 17 верасьня 1939-га, як іх „вызвалілі“, прыехаў на ровары Ўласаў і будзе гаварыць: „Ну, нарэшце папрацую на карысьць беларушчыны!“. І сапраўды: заявіўся ў Маладэчна ў аддзел асьветы, запрапанаваў сябе рэдактарам — маўляў, мае досьвед. „Конечно, подготовьте автобиографию для НКВД“, — параілі там. Ну і напісаў 17 старонак тэксту, склаў сам сабе абвінаваўчы акт: дэлегат Усебеларускага зьезду, чалец прэзыдыюму Рады БНР, дэпутат польскага Сэнату, сацыяліст. У выніку абвінавацілі ў „шпіёнска-правакатарскай дзейнасьці“ і выслалі на 5 гадоў у Сіблаг. Па дарозе туды ён памёр».

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Радашкавічах, нашы дні. Тут ахрысьцілі Янку Купалу

Жонку і двух сыноў Аляксандра Ўласава неадкладна выселілі з маёнтку ў Мігаўцы, маёмасьць і зямлю нацыяналізавалі.

Лёс ягонага калегі, Браніслава Тарашкевіча, вырашыўся яшчэ раней. 6 траўня 1937 году яго арыштавалі, а на пачатку 1938-га «двойка» НКВД і Пракуратуры СССР вынесла вырак: расстрэл. Дасюль невядома, ці памёр ён ад катаваньняў, ці ўсё ж выканалі сьмяротны прысуд.

У Маскве Браніслаў Тарашкевіч ужо меў новую сям’ю, другая жонка Ніна Палянская да апошняга дамагалася рэабілітацыі несправядліва пакаранага мужа. У Радашкавічах навіна пра «ворага народу» таксама выклікала шок, кажа Ірына Ніжанкоўская.

Ірына Ніжанкоўская пад стогадовым дываном Браніслава Тарашкевіча

«За палякамі таксама былі закансьпіраваныя камуністы, якія цудоўна ведалі, што Тарашкевіч — выбітная асоба, сапраўдны герой Заходняй Беларусі, а не злачынца. Ягоны дом увесь час быў пад наглядам польскай паліцыі, дэфэнзыва пільна сачыла, хто прыходзіў, з кім кантактаваў. І калі пасьля сьмяротнага прысуду выгналі сям’ю з дому, мама без спадзеву папрасіла забраць рэчы мужа. І ёй дазволілі! Фатаздымкі, дакумэнты. У мяне доўга стаяла мармуровая ваза, на жаль, пры пажары разьляцелася ўшчэнт. Але захаваўся рарытэтны дыван, яго гаспадар набыў, як прыехаў у Радашкавічы, акурат 100 гадоў таму», — усьміхаецца жанчына.

А яшчэ з задавальненьнем паказвае мілую керамічную цацку — чырвонага бегемоціка, які для яе маці стаў сапраўдным талісманам. Зь ім яна не расставалася нават дарослаю.

Незрэалізаваны музэй Заходняй Беларусі як узор бяспамяцтва

Памяць пра аднаго зь лякаматываў руху ТБШ у Радашкавічах збольшага эпізадычная. Ірына Ніжанкоўская жыве якраз насупраць дому Браніслава Тарашкевіча і Веры Сьніткі — ягоная жонка з сынам перабраліся да стрыечнай сястры неўзабаве пасьля таго, як новыя ўлады выкінулі іх на вуліцу.

Дом у Радашкавічах, нацыяналізаваны ў Тарашкевіча пасьля арышту

Перш у будынку была паштовая станцыя, потым шпіталь, а затым нерухомасьць на два канцы перадалі ў жылы фонд. Большая палова фактычна схаваная ад вачэй — цяперашні гаспадар адгарадзіўся ад сьвету высокім глухім плотам. На другой, больш «празрыстай» частцы, — мэмарыяльная шыльда. Але калі брама на замку, падысьці няма як.

«Раней усё выглядала інакш. Перад домам цякла рака, потым рэчышча перанакіравалі. У ХІХ стагодзьдзі тут была паштовая станцыя. Стаялі коні, побач дамок станцыйнага наглядчыка і той, дзе цяпер я. Затым заехаў Тарашкевіч, але вечна ці ў разьездах, ці па турмах. Калі яго арыштавалі, будынак нацыяналізавалі і зрабілі шпіталь. Шматкроць перабудоўвалі, ад першапачатковага выгляду мала што засталося. А бліжэй да развалу Саюзу стала непатрэбнай і лякарня — лазіў хто хацеў. Пакуль схамянуліся, дарагі рэнтген-апарат ужо разабралі. Каб хата не ператварылася ў руіну, мама прапанавала мясцовым уладам хоць каго часова пасяліць. А як вядома, нічога не бывае такім пастаянным, як нешта часовае».

Частка дому Тарашкевіча наглуха схаваная за высокім плотам

У канцы 1980-х Вярхоўны Савет БССР выдаў пастанову аб арганізацыі музэя Заходняй Беларусі ў доме, дзе жыў Браніслаў Тарашкевіч — гэтак вырашылі замаскіраваць «неадназначную асобу», якую не прынялі ні палякі, ні саветы, а беларусы дагэтуль ня вызначыліся. Пачалі рабіць праект рэстаўрацыі панадворных будынкаў, зьбіраць рарытэты. Пакуль цягнулі, Савецкі Саюз распаўся, і людзей ужо хвалявала не культура, а перадусім эканоміка. Адзінае, што пасьпелі, дык гэта перайменаваць вуліцу Паштовую ў гонар вядомага тутэйшага жыхара.

«Прыяжджалі зь Літаратурнага музэю: хадзілі па хатах, шукалі, ці ёсьць старыя рэчы для экспазыцыі. На што людзі адказвалі: адкуль тое старое, калі Гастэла нас спаліў, яму за гэта яшчэ помнікаў наставілі? А ў 1990-я грошай на культуру ўжо не было, ініцыятыва паціху згасла. Затое пачала актыўнічаць юрыстка гарсавету, якой спадабаўся дом у выгодным месцы: зрабіла дамовую кніжку і тут засталася, хоць мела кватэру. Мама да апошніх дзён перажывала, бо пачалася самадзейнасьць. На адкрытым ганку да 80-годзьдзя Тарашкевіча павесілі мэмарыяльную дошку, дык тая баба яе зьняла і зрабіла вэранду. У выніку шыльду перанесьлі на іншы бок, хоць бачная праз плот. А праект музэя так і сканаў».

Большая частка архіваў сям’і згарэла ў першыя дні вайны, калі савецкія бамбавікі «выкурвалі» немцаў з Радашкавічаў. Але былі страты куды страшнейшыя: у 1944-м, незадоўга да вызваленьня Беларусі, у баі загінуў 19-гадовы Радаслаў, сын Браніслава Тарашкевіча і Веры Сьніткі...

Мэмарыяльная шыльда на другой частцы "распалавіненага" дому

Яшчэ ў 1936 годзе, застаўшыся на раздарожжы, Вера Андрэеўна пабралася шлюбам з дырэктарам польскай «школы повшэхнэй» (то бок, «для ўсіх») у Радашкавічах Уладзіславам Ніжанкоўскім. Незадоўга да таго яго перавялі ў Заходнюю Беларусь зь Львоўшчыны.

Падчас нямецкай акупацыі мужчына працаваў на падсобнай гаспадарцы, а ў 1943 годзе ягонае жыцьцё трагічна абарвалася. На шашы ў бок Маладэчна партызаны абстралялі аўтамабіль з работнікамі, некалькі чалавек атрымалі сьмяротныя раненьні, у тым ліку Ўладзіслаў Ніжанкоўскі. Пахаваны ён на могілках у мястэчку. Так што дачка Ірына ведае бацьку збольшага па фатаздымках.

Беспрынцыпнае «двуязычие» як прысуд роднай мове беларусаў

Пасьля вайны асірацелая сям’я пераехала бліжэй да дому, дзе прайшлі найлепшыя часы. Хоць Вера Сьнітка потым пра гэта шкадавала: суседзтва штодня нагадвала пра драматычныя павароты мінулага. Так і жыла з гэтым пачуцьцём да апошніх дзён — сышла ў 1998-м, крыху не дажыўшы да 100-гадовага ўзросту.

Вера Сьнітка і літаратуразнаўца Арсень Ліс, 1980-я

Ніякавата адчувае сябе і Ірына Ніжанкоўская: дзясяткі гадоў змаганьня за беларушчыну цяперашнія ўлады ў імгненьне раструшчылі. І каб аднавіцца, трэба будзе нямала высілкаў.

«Татальна ліквідуецца ўсё, што зьвязана зь беларушчынай — ад нацыянальных сымбаляў да асьветы на роднай мове, — наракае Ірына Ніжанкоўская. — Грамадзкі сэктар фактычна паралізаваны, лідэры па турмах ці ў эміграцыі. Усе ў імгненьне сталі „экстрэмістамі“. Незалежныя выданьні зьнішчаныя пад корань, хіба „Наша слова“ засталося, я ўвесь час падпісваюся, каб хоць неяк падтрымаць ТБМ. А зараз і іх задушаць, прынамсі, да гэтага ідзе. Таму агульны настрой вельмі непрыемны. Але ўсё ж веру, што беларусы справяцца з выпрабаваньнямі, хоць тое і вымагае вялікай мужнасьці і не абы-якой вытрымкі».

Ірына Ніжанкоўская з чырвоным бегемоцікам сваёй мамы

Ці не найбольш жанчына шкадуе, што так і не ўдалося рэалізаваць задуму годнай мэмарыялізацыі свайго сваяка Браніслава Тарашкевіча, чые заслугі ў Беларусі збольшага недаацэненыя.

Зрэшты, як пісаў у сваёй хроніцы «Імёны Свабоды» Ўладзімер Арлоў, каб Браніслаў Тарашкевіч выдаў толькі адну сваю «Беларускую граматыку для школ», то ўжо застаўся б у аналах нацыянальнай гісторыі. Але жыцьцё гэтага чалавека, што прыйшоў на сьвет 20 студзеня 1892 году на Віленшчыне, ніколі не абмяжоўвалася толькі навуковымі штудыямі. Яго цікавіла ўсё, што магло прынесьці карысьць сваёй Радзіме.

Дом, у якім Браніслаў Тарашкевіч і Вера Сьнітка ў 1920-х правялі шчасьлівыя, але нядоўгія сумесныя гады

Ён адзін зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, дырэктар легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, заснавальнік знакавага Таварыства беларускай школы, кіраўнік 120-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай масавай арганізацыі Заходняй Беларусі.

А яшчэ вечны дысыдэнт, які стаў ахвярай уласных перакананьняў, хай часам і падманлівых.

Што такое «Дзень народнага адзінства»

Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».

Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».

У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».