NYT: амэрыканскія вайскоўцы маглі памыліцца ў выбары цэлі для ўдару ў Кабуле

Ударны дрон MQ-1 Predator

У канцы жніўня амэрыканскі дрон нанёс удар па аўтамабілю меркаванага тэрарыста-сьмяротніка ў Кабуле. Як паведамлялі СМІ, у выніку загінулі 10 членаў адной сям’і, у тым ліку шасьцёра дзяцей.

Журналісты The New York Times дасьледавалі запісы з камэраў відэаназіраньня, а таксама пагаварылі са сваякамі і калегамі загіблага кіроўцы машыны. Аўтары расьсьледаваньня ставяць пад сумнеў вэрсію амэрыканскіх вайскоўцаў пра сувязі забітага зь «Ісламскай дзяржавай» (ІД) і наяўнасьці ў яго машыне бомбы.

Выданьне паведамляе, што кіроўцам машыны, па якой амэрыканскія вайскоўцы нанесьлі ўдар, быў 43-гадовы Зэмары Ахмадзі. З 2006 году ён працаваў інжынэрам-электрыкам у амэрыканскай некамэрцыйнай арганізацыі Nutrition & Education International.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Талібы забіваюць мірных афганцаў

Вайскоўцы тлумачылі, што палічылі кіроўцу машыны падазроным празь яго перамяшчэнні ў той дзень — меркавалася, што ён наведаў сховішча ІД і загрузіў у машыну выбуховыя рэчывы. Журналісты NYT высьветлілі, што ў дзень атакі Ахмадзі вазіў калегаў на працу і назад — па іх словах, гэта было звычайным працоўным днём Ахмадзі. А на запісах з камэраў відэаназіраньня аўтары расьсьледаваньня ўбачылі, як Ахмадзі з калегам загружаюць у машыну каністры з вадой, каб прывезьці іх дадому. Па словах калегі загіблага, падача вады ў ягоным раёне спынілася пасьля захопу ўлады «Талібанам», таму Ахмадзі прывозіў ваду дадому з офісу. У тую раніцу ён таксама адвёз некалькі сваіх калегаў да талібаў у паліцэйскі пастарунак, каб папрасіць дазволу раздаць ежу ўцекачам у бліжэйшым парку.

Паводле вайскоўцаў, Ахмадзі і яшчэ тры чалавекі загрузілі ў машыну цяжкія пакеты, у якіх магла быць выбухоўка. Пасажыры машыны сьцьвярджаюць, што акрамя каністраў з вадой у машыне былі толькі два ноўтбукі. Усе трое пасажыраў адмаўляюць, што везьлі выбухоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: ЗША нанесьлі ракетны ўдар па Кабуле, каб прадухіліць тэракт

Пасьля таго, як Ахмадзі высадзіў сваіх калегаў, ён накіраваўся дадому — той знаходзіцца недалёка ад аэрапорта. Амэрыканскія вайскоўцы заявілі, што гэты аўтамабіль уяўляў пагрозу для войскаў у аэрапорце — таму, калі Ахмадзі заехаў у двор свайго дому, па яго машыне быў нанесены ўдар. Як паведамляе NYT, у той момант у машыне знаходзіліся некалькі дзяцей і пляменьнікаў Ахмадзі, якія ўзрадаваліся ягонаму вяртаньню і селі ў салён.

Вайскоўцы ЗША заяўлялі, што пасьля нанясеньня ўдару па машыне, адбыўся другі выбух — як мяркуецца, таму, што ў аўтамабілі была выбухоўка. Журналісты і апытаныя імі экспэрты ня выявілі сьлядоў другога выбуху. Сваякі Ахмадзі таксама распавялі журналістам, што да гібелі ён падаў заяву аб перасяленьні ў Злучаныя Штаты ў якасьці ўцекача.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афганскія пасольствы па ўсім сьвеце не прызналі рэжым талібаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы забілі брата былога віцэ-прэзыдэнта Афганістана, які абвясьціў сябе кіраўніком краіны