Беларускі Чырвоны Крыж узначаліў старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камісіі ў прэзыдэнцкай кампаніі-2020

Дзьмітры Шаўцоў

Дзьмітры Шаўцоў стаў генэральным сакратаром арганізацыі, раней ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і зацьвярджаў вынікі на сфальсыфікаваных выбарах прэзыдэнта-2020.

10 верасьня ў Менску адбыўся XXV зьезд Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У ім узялі ўдзел 120 дэлегатаў з усёй краіны, інфармуе афіцыйны сайт арганізацыі.

Акрамя арганізацыйных пытаньняў, праблематыкі валянтэрства, мэдычнай, сацыяльнай дапамог і іншых пытаньняў, пастаўленых на парадак дня, Зьезд абраў новых генэральнага сакратара і старшыню прэзыдыюму.

Старшынём прэзыдыюму абралі намесьніка міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Чараднічэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рагачоўская анамалія? У райцэнтры дыягназ «каранавірусная інфэкцыя» паставілі 30% жыхароў, тады як у Беларусі — 5%

Генэральны сакратар, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Мычко на зьезьдзе падвяла вынікі дзейнасьці БТЧК у папярэднія 5 гадоў. Новым генэральным сакратаром дэлегаты абралі Дзьмітрыя Шаўцова.

Шаўцоў нарадзіўся ў 1973 годзе, працаваў у Жлобіне анэстэзіёлягам-рэаніматолягам, намесьнікам галоўнага лекара, затым пераехаў у Менск, дзе праз год пасьля пераезду стаў галоўным лекарам 34-й цэнтральнай раённай паліклінікі Савецкага раёну. Двойчы быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Апошнім часам працаваў галоўным лекарам 1-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.

Дзьмітры Шаўцоў у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня

Яшчэ ў 2019 годзе Шаўцоў як дэпутат рэзка выступаў супраць усталяваньня ў Менску і іншых гарадах Беларусі шапікаў па продажы тытунёвых вырабаў «Табакерка».

«Наша краіна спартовая, пра гэта ведае ўвесь сьвет. Таму насаджэньне адмысловых шапікаў для курцоў, безумоўна, нашкодзіць такому іміджу», — казаў Шаўцоў.

Аднак неўзабаве шапікі пачалі масава зьяўляцца на вуліцах беларускіх гарадоў, і гэты факт не сустрэў супраціву з боку дэпутатаў, якія супраць іх выказваліся. Сетка шапікаў «Табакерка» належала набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, які ў 2021 годзе трапіў пад пэрсанальныя санкцыі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «тытунёвыя» санкцыі закрануць беларускую эканоміку

На выбарах прэзыдэнта ў 2020 годзе Дзьмітры Шаўцоў старшыняваў у Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, якая, у прыватнасьці, аднагалосна зацьвердзіла лічбы ЦВК па колькасьці подпісаў у сталіцы за кандыдатаў, хоць выбарчыя штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы заяўлялі пра шматлікія парушэньні і незаконнае адхіленьне вялікай колькасьці подпісаў, у выніку чаго абодвух кандыдатаў не зарэгістравалі на выбары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску выбарчая камісія аднагалосна пацьвердзіла агучаныя ЦВК лічбы подпісаў

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) — самая буйная гуманітарная арганізацыя на тэрыторыі Беларусі, частка Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Пасьля катаваньняў на Акрэсьціна і ў іншых месцах масавага ўтрыманьня грамадзян у жніўні і ў наступныя месяцы 2020 году арганізацыя, паводле шматлікіх сьведчаньняў, ніяк не дапамагала пацярпелым, а перад гэтым актыўна ўдзельнічала ў фальсыфікацыі выбараў: на 362 участках, дзе працавалі прадстаўнікі БТЧК, плятформа «Голас» даказала факты фальсыфікацый — колькасьць фота бюлетэняў з галасамі за Сьвятлану Ціханоўскую перавысіла колькасьць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных сябрамі камісій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што Міжнародны Чырвоны Крыж ня сьмее наведаць беларускія турмы? Сем фактаў пра МЧК

Пісьменьнік Саша Філіпенка ўвесну 2021 году прапанаваў кіраўніку Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэру Маўрэру наведаць беларускія турмы, каб пабачыць нечалавечыя ўмовы ў іх. Аднак Маўрэр тады спаслаўся на адсутнасьць у МКЧК адпаведнага мандату.

Таксама беларус зьвярнуў увагу міжнароднага камітэту на факты ўдзелу беларускай арганізацыі ў фальсыфікацыі выбараў і прасіў праверыць, куды ідуць грошы, якія зьбіраюць зь людзей на функцыянаваньне Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Вынікі расьсьледаваньня, якое нібыта абяцаў МКЧК, невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ў перапынку перад другім таймам». Саша Філіпенка — пра дзейнасьць Чырвонага Крыжа і маральна-этычную рэвалюцыю