Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Літве выдвараць 5 мігрантаў, што захрасьлі на мяжы

Літоўска-беларуская мяжа

Пяцёра грамадзянаў Афганістана прыехалі ў Беларусь у жніўні і з таго часу некалькі разоў спрабавалі трапіць у Літву, каб папрасіць палітычнага прытулку, і ўрэшце захрасьлі на мяжы. Паводле афганцаў, ім на радзіме пагражае перасьлед ад рэжыму талібаў. 

Паводле ЭСПЧ, зь 5 верасьня яны, мяркуючы па ўсім, хаваюцца на тэрыторыі Літвы.

8 верасьня суд пастанавіў, што калі мігранты цяпер на тэрыторыі Літвы, іх нельга выдаць у Беларусь да 29 верасьня.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Рустамас Любаевас 9 верасьня заявіў, што на памежжы Беларусі і Літвы з 2 верасьня насамрэч знаходзіцца група мігрантаў, перадае LRT.

Але, паводле яго,

  • дакладна ня высьветлена, што яны грамадзяне Афганістана,
  • яны не імкнуцца выехаць на тэрыторыю Літвы,
  • няма абʼектыўных зьвестак, якія дазволілі б сьцьвярджаць, што згаданыя афганскія грамадзяне знаходзяцца на тэрыторыі Літвы.

Ён дадаў, што калі згаданыя мігранты змогуць пацьвердзіць сваё афганскае грамадзянства і выкажуць жаданьне трапіць у Літву, іх прапусьцяць.

Ад пачатку міграцыйнага крызісу Літва прыняла 4148 нерэгулярных мігрантаў. Каля 2 тысяч чалавек разьвярнулі на мяжы.

У канцы жніўня Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) пастанавіў, што Польшча і Латвія павінны забясьпечыць ежай, вадой, адзеньнем і мэдычнай дапамогай уцекачоў з Блізкага Ўсходу, якія затрымаліся на мяжы зь Беларусьсю. А таксама, калі магчыма, часовым жытлом.

Беларусь не зьяўляецца падпісантам Эўрапейскай канвэнцыіі правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь вырашыла дзейнічаць як разбойніцкі рэжым». Кіраўніца МУС Латвіі пра міграцыйны крызіс

8 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 194 спробы незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 3 мігрантаў затрымалі. Літоўскія — каля сарака. Латвійскія памежнікі спынілі 8 спробаў.

Польская памежная служба апублікавала відэа, на якім, як яна сьцьвярджае, паказана, як беларускія памежнікі прывозяць мігрантаў на розныя ўчасткі мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс: Эўразьвяз, ня трэба капіяваць падыходы Лукашэнкі