Польскі Сэйм 6 верасьня разглядзеў указ прэзыдэнта Анджэя Дуды пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча на беларускай мяжы. За адмену ўказу прагаласавалі 39% дэпутатаў, супраць — 57%, астатнія ўстрымаліся.
Прэзыдэнт Польшчы падпісаў указ пра рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю 2 верасьня.
У адпаведнасьці з указам у 183 памежных паселішчах Падляскага і Люблінскага ваяводзтваў забараняюцца ўсялякія масавыя мерапрыемствы. У гэтыя паселішчы ня могуць уехаць людзі, якія ў іх не жывуць, — забарона датычыць і журналістаў. Тым, хто парушыць забарону на ўезд, пагражае штраф або арышт, залежна ад судовага рашэньня.
У жніўні ў Польшчы зафіксавала 3,5 тысячы спробаў парушэньня мяжы зь Беларусі.
Ужо некалькі тыдняў на польска-беларускай мяжы заблякаваныя ўцекачы з Блізкага Ўсходу. Некалькі дзясяткаў чалавек ня могуць трапіць у Польшчу, бо палякі іх ня ўпускаюць. Вярнуцца ў Беларусь ім не дазваляюць беларускія сілавікі.
Паводле польскай Памежнай службы, у Беларусі цяпер знаходзіцца 10 тысяч мігрантаў, якіх запрасіў рэжым Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь за апошнія тыдні прыляцела каля 10 тысяч іракцаў». Польскі ўрад прадставіў дэталі сытуацыі на мяжы6 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 191 спробу незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 17 мігрантаў затрымалі. Латвійскія памежнікі спынілі 24 спробы. Літоўскія — каля трыццаці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы выказаў салідарнасьць з Калесьнікавай і Знакам — па-беларуску