МУС аспрэчыла, што беларуса вызвалілі пасьля 14 гадоў нявольніцтва на Паўночным Каўказе

Ілюстрацыйнае фота

Інфармацыю пра вызваленьне Андрэя Купрэенкі зь нявольніцтва ў Кабардзіна-Балкарыі распаўсюдзіла расейская некамэрцыйная арганізацыя «Альтэрнатыва». МУС Беларусі заявіла, што мужчына ня быў у рабстве.

Паводле інфармацыі ведамства, у 2007 годзе маці Андрэя Купрэенкі падала заяву аб зьнікненьні ў Калінкавіцкі РАУС, мужчыну абвясьцілі ў вышук.

У 2018 годзе ён трапіўся на вочы паліцыі Кабардзіна-Балкарыі, тады ж падаў заяву на спыненьне вышуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Знайшоўся беларус, які зьнік 14 гадоў таму ў Маскве

Беларус тады пісьмова паведаміў, што да яго ніхто не стасаваў незаконных дзеяньняў. Крымінальную справу ў Беларусі аб зьнікненьні спынілі.

У 2019 годзе Андрэй Купрэенка, як інфармуе МУС, атрымаў на радзіме новы пашпарт, бо згубіў стары.

Іншых паведамленьняў пра зьнікненьне мужчыны міліцыя не атрымлівала.