На мяжы зь Беларусьсю зьявіліся Сілы тэрытарыяльнай абароны Польшчы

Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Апэрацыя «Моцная падтрымка» зьвязаная з увядзеньнем надзвычайнага становішча на польска-беларускай мяжы. На такі крок Варшава пайшла пасьля росту колькасьці мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу.

Пра пачатак апэрацыі войскаў тэрытарыяльнай абароны паведаміў міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак. Паводле міністра, у рамках гэтай акцыі салдаты сілаў тэрытарыяльнай абароны будуць інфармаваць жыхароў раёнаў, якія ахопленыя надзвычайным становішчам, што рабіць у выпадку надзвычайнай сытуацыі.

Сёньня яны сустракаюцца з прадстаўнікамі органаў мясцовага самакіраваньня, паведамляе Польскае радыё.

«Салдаты будуць падтрымліваць жыхароў і паведамляць ім пра тое, як паводзіць сябе ў надзвычайнай сытуацыі», — напісаў Марыюш Блашчак у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы.

Надзвычайнае становішча ўвайшло ў сілу сёньня апоўначы. Яно датычыць паласы шырынёй тры кілямэтры ад мяжы зь Беларусьсю і ахоплівае 183 мясцовасьці Падляскага і Люблінскага ваяводзтваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы ўвёў рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю