«10 дзён не было ніякіх сьледчых дзеяньняў». Сацыёляг Вадалаская распавяла пра затрыманьне і суткі на Акрэсьціна

Тацяна Вадалаская. Архіўнае фота

Сацыёляг Тацяна Вадалаская пасьля 10 дзён арышту выйшла на волю. Яна пад падпіскай аб нявыезьдзе. Як расказала «Нашай Ніве», увесь час, што яна сядзела ў турме на Акрэсьціна, зь яе ўдзелам не было ніякіх сьледчых дзеяньняў. Вобшук у Вадаласкай праводзіў КДБ.

Затрымалі Тацяну 4 жніўня.

«Я была дома — да мяне прыйшлі раніцай, а 7.30. Правялі вобшук там, дзе я жыву, а потым яшчэ ў бацькоў, дзе я прапісана. Забралі тэхніку і, паколькі ў мяне шмат тэкставага матэрыялу, некалькі кніжак, паперы. У бацькоў забралі старыя паперы, якія былі ў маім пакоі», — расказвае Тацяна і дадае, што ў цэлым усё прайшло карэктна.

Паводле сацыёляга, умовы на Акрэсьціна для палітычных застаюцца нечалавечымі: ні матрацаў, ні пасьцелі, кругласуткава ўключанае сьвятло. Перадачу Тацяна атрымала. А дзяўчатам, што з ёй сядзелі, аддалі рэчы, якія сваякі ім пакінулі тыдзень таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тацяна Вадалаская выйшла на свабоду

«Такія ўмовы — гэта дадатковы ціск і спроба паказаць, у тым ліку іншым жыхарам гэтай установы, што вось хто самыя злачынцы. І гэта абсалютна непрымальна. Супрацоўнікі ведаюць, што павінны выконваць унутраныя правілы, бо калі зь імі размаўляеш пра матрацы і бялізну, яны кажуць: „Ну вы ж разумееце“. У камэры палова сядзела па справах палітычных, а палова — па звычайных крымінальных, накшталт невялікіх крадзяжоў. Ім не пашанцавала, што яны патрапілі да нас. Для іх гэта было дадатковае пакараньне, і некаторыя ўсё спрабавалі з ахоўнікамі дамовіцца, каб іх перавялі ў нармальную камэру».

Адной з сукамэрніц Тацяны была Надзея Калач — дударка гурта Irdorath. Дзяўчыну перавялі на Валадарку. Надзею і іншых музыкаў гурта затрымалі на лецішчы, калі яны сьвяткавалі яе дзень народзінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музыкі гурту Irdorath ня выйшлі на волю праз 10 дзён пасьля затрыманьня

«Гэта сытуацыя для яе была вялікім шокам. І тыя абвінавачваньні, якія прад’яўляюцца, і сам спосаб, у які яны прад’яўляюцца, калі інтэлігентных, культурных людзей гвалтоўна затрымліваюць», — дзеліцца Вадалаская.

Да чаго рыхтавацца ёй самой, сацыёляг не разумела, піша «Наша Ніва». Вадалаская застаецца падазраванай па артыкуле 342 КК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімера Мацкевіча перавялі на «Валадарку»