Мігранцкі крызіс: кіраўніца МУС Літвы заявіла пра стабілізацыю на мяжы зь Беларусьсю

Калючы дрот на мяжы Літвы і Беларусі

Агне Білатайце прызнала, што распараджэньне ад 2 жніўня па вяртаньні мігрантаў у краіну, адкуль яны прыйшлі, дало плён.

Сытуацыя на літоўска-беларускай мяжы стабілізавалася, вынікі зьявіліся пасьля рашэньня не пускаць мігрантаў у Літву, заявіла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, якую цытуе агенцтва BNS.

«Гэты тыдзень паказвае, што сытуацыя стабілізавалася, але мы ня можам расслабляцца і мусім быць гатовыя да розных сцэнароў. Але я павінна сказаць, што гэтае рашэньне, якое было прынята 2 жніўня, сапраўды дало вынікі», — сказала Білатайце.

Паводле яе зьвестак, за тыдзень у Літву прапусьцілі 200 нелегальных мігрантаў, а з 2 жніўня такіх было 1340. Аднак Білатайце зазначыла, што частка зь іх — тыя самыя людзі.

«44 чалавекі былі дапушчаныя на тэрыторыю Літвы з гуманітарных прычын», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш як ста мігрантам не ўдалося перайсьці зь Беларусі ў Латвію і Літву

Пропуск людзей мусіць весьціся толькі на пунктах памежнага кантролю, у іншых месцах мігрантаў на тэрыторыю не прапускаюць.

Агенцтва са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамляла, што за мінулыя суткі памежнікі Літвы на мяжы зь Беларусьсю адправілі назад 19 мігрантаў, двое былі прынятыя з гуманітарных прычынаў. Пры гэтым спэцсродкі для вяртаньня мігрантаў у Беларусь не выкарыстоўвалі.

Сёлета ў Літву праз мяжу зь Беларусьсю трапілі больш за 4115 нерэгулярных мігрантаў, пераважна з Іраку. Пасьля таго, як Літва стала вяртаць мігрантаў у Беларусь, іх плынь павялічылася на мяжы з Латвіяй і Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь мяне не выкарыстоўвае. Гэта я выкарыстоўваю Беларусь». Што кажуць мігранты, якія трапілі ў Літву паводле пляну Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Латвіі ўхваліў рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю