Украіна адправіла ў Літву першы груз калючага дроту для ўмацаваньня мяжы зь Беларусьсю

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што для Ўкраіны адным з актуальным пытаньняў вонкавай палітыкі зьяўляецца ў тым ліку і дапамога Літве ў барацьбе зь міграцыйным крызісам на мяжы зь Беларусьсю.

«Учора, 12 жніўня, адбыўся першы рэйс у Літву з партыяй калючага дроту, які дапаможа Літве абараніць сябе ад наплыву незаконных мігрантаў. Наступныя рэйсы будуць накіраваныя неўзабаве», — паведаміў Дзьмітро Кулеба 13 жніўня на брыфінгу ў Кіеве.

  • Сёлета ў Літву церазь мяжу зь Беларусьсю трапілі больш за 4115 нерэгулярных мігрантаў, пераважна з Іраку. Пасьля таго, як Літва стала вяртаць мігрантаў у Беларусь, іх плынь павялічылася на мяжы з Латвіяй і Польшчай.
  • 9 ліпеня Літва пачала будаваць на мяжы зь Беларусьсю фізычную перашкоду з калючага дроту. Будаўніцтвам занялася армія, пастаўкі даручылі арганізаваць МУС і Службе аховы дзяржаўнай мяжы. Але 23 ліпеня працы спыніліся праз дэфіцыт калючага дроту і ўрад Літвы зьвярнуўся па дапамогу да сваіх партнэраў.
  • 28 ліпеня Кабінэт міністраў Украіны ўзгадніў аказаньне гуманітарнай дапамогі Літве ў сувязі зь міграцыйным крызісам на мяжы зь Беларусьсю. Адпаведны ўказ аб выдзяленьні калючага дроту ў якасьці гуманітарнай дапамогі прэзыдэнт Украіны падпісаў 2 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі на мяжы зь Беларусьсю за дзень разьвярнулі 101 мігранта, у Літве — 19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі пасьля заяваў Лукашэнкі па Крыме