Празь немагчымасьць палётаў у ЭЗ турапэратар Mouzenidis Travel ліквідуе сваю кампанію у Беларусі

Грэцыя, ілюстрацыйнае фота

Беларускім кліентам ТАА «Музэнідзіс трэвэл» пачалі прыходзіць паведамленьні пра ліквідацыю. Такое рашэньне прынялі заснавальнікі кампаніі.

Для ажыцьцяўленьня адпаведнай працэдуры прызначаны «Цэнтар ліквідацыі прадпрыемстваў». Крэдыторы да 9 кастрычніка могуць зьвярнуцца па задавальненьне сваіх патрабаваньняў, гаворыцца на сайце турапэратара.

«Шчыра шкадуем аб сытуацыі, якая склалася», — адзначаецца ў звароце беларускага офісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё за паветранай заслонай: якія могуць быць наступствы?

Mouzenidis travel — група кампаній з цэнтральным офісам ў грэцкіх Салёніках і прадстаўніцтвамі па ўсёй Эўропе.

На просьбу Onliner у Mouzenidis Travel ліквідацыю патлумачылі «неспадзяванымі акалічнасьцямі». Спачатку праз пандэмію ў 2020 годзе арганізацыя тураў у Грэцыю стала немагчымай. А сёлета курорты гэтай краіны хоць і выказалі гатоўнасьць прымаць беларускіх турыстаў, але «Белавія» забаранілі лятаць у Эўразьвяз.

Шмат турыстаў і агенцтваў сталі закладнікамі сытуацыі: грошы пералічаныя, а паслугі ня могуць быць аказаныя. Прымаючая кампанія Mouzenidis Travel прыпыніла абслугоўваньне кліентаў да 31 кастрычніка, а таксама абвясьціла аб працэдуры санацыі на 4 месяцы, цягам якіх дзейнічае права абароны ад крэдытораў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за турысты з Іраку сотнямі прылятаюць у Беларусь. ФОТА

Гэтым у беларускім офісе тлумачаць рашэньне ўступіць у працэдуру ліквідацыі да пачатку вяртаньня грошай ад боку, які прымае. Кампанія рыхтуе дакумэнты для вырашэньня пытаньня ў судзе Салёнікаў.

Таксама накіраваныя лісты ў Мінспорту і турызму Беларусі, Міністэрства турызму Грэцыі, Асацыяцыю грэцкіх туркампаній і іншыя структуры, каб прыцягнуць увагу да праблемы на міжнародным узроўні.