Дата дня
27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР, якая 25 жніўня наступнага году атрымала канстытуцыйны статус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянцін Голубеў: 27 ліпеня мы з Пазьняком на плошчы сьпявалі «Пагоню»Таксама ў гэты дзень
1824 — пачалося будаўніцтва Аўгустоўскага каналу, які злучыў басэйны Нёману і Віслы.
1944 — ад нацыстаў вызвалены Беласток, які да вайны належаў Беларусі.
1953 — Скончылася Карэйская вайна — ЗША, КНР, Паўднёвая і Паўночная Карэі падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў.
1955 — Скончылася акупацыя хаўрусьнікамі Аўстрыі, якая цягнулася з канца Другой усясьветнай вайны.
У гэты дзень нарадзіліся
1906 — у Менску нарадзіўся Ежы Гедройць, польскі палітычны мысьляр, выдавец і рэдактар часопісу «Kultura» ў Парыжы.
1950 — Генадзь Грушавы, заснавальнік і старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю».
Ён быў філёзафам, доктарам навук, дасьледаваў гісторыю філязофіі й грамадзка-палітычнай думкі часоў Адраджэньня й Асьветніцтва, больш за сорак гадоў выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Але сталася так, што ў найноўшайгісторыі Генадзь застанецца не сваімі навуковым і штудыямі, а дзякуючы таму, што, адклаўшы манаграфіі, узяўся ратаваць цэлую нацыю. У гэтым для яго палягала найвышэйшая філязофія.
У 1989-м ён узначаліў «чарнобыльскі» камітэт Беларускага Народнага Фронту, адным з арганізатараў якога быў.
Праз год Грушавы, ужо дэпутат Вярхоўнага Савету і сябра Апазыцыі БНФ, ператварыў камітэт у дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобылю».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 854–855.
У памяці
1903 — памёр Юльян Крачкоўскі, беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык і пэдагог, аўтар «Нарысаў быту заходнерускага селяніна» (1869) — першага падрабязнага дасьледаваньня сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхаваньня іх дзяцей.
1969 — памёр Яўхім Кіпель, беларускі пэдагог, дзяяч беларускай эміграцыі.
Пасьля заканчэньня БДУ Яўхім працаваў у Інстытуце беларускай культуры й вучыўся ў асьпірантуры, адкуль быў выключаны «за неадпаведнасьць сваёй навуковай дзейнасьці марксысцкай ідэалёгіі».
У чэрвені 1930-га ОГПУ за адну ноч арыштавала ў Менску паводле справы Саюзу вызваленьня Беларусі дзясяткі вядомых асобаў, у ліку якіх апынуўся, безумоўна, і Кіпель.
На допытах яму прыгадалі і арганізацыю Клюбу беларускай мола дзі, і ўдзел у па дрыхтоўцы зьезду краязнаўцаў, і тое, што ў напісаных Кіпелем падручніках «Расьліны» й «Жывёлы» не знайшлося месца для такога батанічна-заалягічнага паняцьця, як «дыктатура пралетарыяту».
Вяртаючыся зь пяцігадовай высылкі ў Вяцкую вобласьць, ён вёз на свабоду схаваны паміж склейкамі валізы рукапіс слыннага «Тэстамэнту» рэпрэсаванага паэта Ўладзімера Жылкі.
Спатканьне з воляй доўжылася ўсяго хуткія чатыры месяцы. Пасьля новага арышту сьледчы прапаноўвае маладому навукоўцу магчымасьць жыць у Менску і займацца ўлюбёнай біялёгіяй. Трэба адно «немножко помочь органам». Адмова каштавала пяці гадоў Байкала-Амурскіх лягераў.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 282–283.