Памёр дацкі мастак Курт Вэстэргар, аўтар карыкатур на прарока Мухамэда

Курт Вэстэргар, здымак 2010 году

На 87-м годзе жыцьця памёр дацкі карыкатурыст Курт Вэстэргар, чые работы з выявай прарока Мухамэда абурылі многіх мусульман і выклікалі шырокую хвалю пратэстаў.

Паводле інфармацыі сям’і Вэстэргара, мастак памёр пасьля працяглай хваробы. Пра гэта напісала дацкае выданьне Berlingske.

З пачатку 1980-х гадоў Курт Вэстэргар супрацоўнічаў з кансэрватыўнай газэтай Jyllands-Posten. Менавіта на яе старонках ў 2005 годзе зьявілася 12 карыкатур на Мухамэда, на адной зь якіх прарок быў намаляваны ў турбане ў выглядзе бомбы з падпаленым кнотам. Мусульмане, для многіх зь якіх зьмяшчэньне самой выявы Мухамэда лічыцца табу, палічылі публікацыю малюнкаў абразьлівай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Францыі ўраджэнца Масквы падазраюць у забойстве выкладчыка, які паказаў карыкатуры на прарока Мухамада

Раззлаваныя вернікі пачалі атакаваць дацкія дыпляматычныя місіі па ўсім сьвеце. Кульмінацыя гэтых падзей прыпала на люты 2006 году. У выніку пагромаў загінулі дзясяткі людзей. Пратэсты былі і ў самой Даніі, урад якой атрымліваў скаргі ад амбасадараў краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.

У студзені 2015 году 12 чалавек забілі пры нападзе ў Парыжы на рэдакцыю францускага сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo, які перадрукаваў малюнкі з Jyllands-Posten.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падазраванага ў арганізацыі нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo прывезьлі ў Францыю

Самому Курту Вэстэраору пасьля зьяўленьня карыкатур некалькі разоў пагражалі, былі спробы замаху на яго. У 2008-м дацкія спэцслужбы абвясьцілі пра арышт траіх удзельнікаў змовы, якія плянавалі забойства мастака. Праз два гады ў доме Вэстэргара быў схоплены 28-гадовы самаліец з нажом, які пазьней атрымаў 9 гадоў турмы за спробу забойства і тэрарызм.

Апошнія гады жыцьця Курт Вэстэргар быў вымушаны жыць пад аховай пад сакрэтнымі адрасамі. У інтэрвію агенцтву Reuters у 2008 годзе мастак сказаў, што не шкадуе пра тое, што зрабіў. На думку Вэстэргара, карыкатуры выклікалі важную дыскусію пра месца ісламу ў заходніх краінах зь іх сьвецкімі каштоўнасьцямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэдактар, асуджаны за карыкатуры на прарока Мухамада: «Я лішні чалавек і мару скончыць жыцьцё годна»

У Беларусі газэта «Згода» ў 2006 годзе перадрукавала карыкатуры на прарока Мухамэда, якія зьявіліся ў некаторых сусьветных СМІ. Улады завялі палітычную справу, у якой адказнага рэдактара Аляксандра Зьдзьвіжкова абвінавацілі ў «распальваньні расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасьці».

У студзені 2008 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў журналісту тры гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта быў самы жорсткі прысуд у сьвеце за карыкатуры на прарока Мухамэда. У лютым 2008 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыю журналіста і зьменшыў пакараньне да трох месяцаў арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галяндзкія правыя адмянілі конкурс карыкатур на Мухамэда пасьля пагроз