У суботу на літоўска-беларускай мяжы быў затрыманы яшчэ 41 мігрант

Мігранты, затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы, 22 чэрвеня 2021

Паводле дадзеных літоўскай Службы аховы мяжы, сёлета на мяжы зь Беларусьсю затрыманыя 2064 нелегальныя мігранты.

30 затрыманых у суботу мігрантаў прадставіліся ірацкімі грамадзянамі або мелі дакумэнты гэтай краіны, паведамляе delfi.lt.

Мігранты будуць правераныя на COVID-19 і ізаляваныя да атрыманьня вынікаў. Абставіны здарэньня высьвятляюцца, вядзецца сьледзтва. Пра асобаў, якія папрасілі прытулку, быў апавешчаны Дэпартамэнт міграцыі, які разглядае такія прашэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледніца міграцыі:  беларускія памежнікі проста кажуць мігрантам «ня блытайцеся пад нагамі»

Паведамляецца таксама, што сёлета ў Цэнтар рэгістрацыі замежнікаў не вярнулася 70 шукальнікаў прытулку. Гэтыя людзі выйшлі з цэнтру законна, маючы дазвол на свабодны рух па-за цэнтрам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 15 тысяч даляраў за паездку. Літоўскае расьсьледаваньне пра незаконную міграцыю празь Беларусь

Замежнікі, якіх утрымліваюць на заставах, у памяшканьнях самаўрадаў і ў спэцыяльна абсталяваных месцах, права на свабодны рух ня маюць. На гэтым тыдні з такога часовага месца ўтрыманьня ўцяклі шэсьць мігрантаў, празь некалькі дзён яны былі затрыманыя.