Сэнатар Кардзін: візыт Ціханоўскай узмоцніць пасланьне Вашынгтона рэжыму Лукашэнкі

Бэн Кардзін

Старшыня Хэльсінкскай камісіі Кангрэса ЗША Бэн Кардзін плянуе сустрэцца зь лідэркай беларускай апазыцыі, якая 18 ліпеня прыяжджае зь візітам у ЗША.

Пра гэта ён расказаў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі». Кардзін заявіў, што не валодае інфармацыяй наконт магчымасьці сустрэчы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Джо Байдэнам.

«Думаю, рашэньне (аб сустрэчы з Ціханоўскай — ГА) павінна быць прадастаўлена прэзыдэнту. Я ня буду спрабаваць паўплываць на ягонае меркаваньне», — заявіў Кардзін, дадаўшы, што зь лідэркай беларускай апазыцыі гатовыя сустрэцца многія ўплывовыя прадстаўнікі ўраду ЗША.

У сваю чаргу прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі на брыфінгу ў пятніцу, 16 ліпеня, ухілілася ад канкрэтнага адказу на пытаньне аб магчымых сустрэчах Сьвятланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі амэрыканскай адміністрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэнецца ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі Белага дому, — агенцтва AFP

«Як вы ведаеце, ЗША ня ўмешваюцца ва ўнутраную палітыку іншых краін, але мы прымаем удзел у сытуацыі, калі адбываюцца несвабодныя і несправядлівыя выбары... Тое, як прайшлі выбары ў Беларусі, зьяўляецца парушэньнем усіх міжнародных стандартаў. Так што я думаю, што гэта пасланьне (рэжыму Лукашэнкі — ГА) будзе вельмі ўзмоцнена візытам (Ціханоўскай) у Вашынгтон», — заявіў Кардзін.

Сэнатар падкрэсьліў, што сусьветнай супольнасьці варта шматкроць узмацніць санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, які «пасьлядоўна адмаўляецца паважаць правы грамадзян Беларусі і даваць ім права голасу».

Пры гэтым, паводле слоў Кардзіна, «цалкам відавочна, што Уладзімір Пуцін на дадзены момант зьяўляецца галоўнай апорай рэжыму Лукашэнкі». Як заявіў сэнатар, Масква ня хоча, каб Беларусь пайшла па шляху іншых краін, пераўтвораных у дэмакратыі пасьля развалу былога СССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Лукашэнку загоняць у кут, то яго прыбяруць свае ж людзі», — аналітык

«Пуцін хоча, каб рэжым застаўся пры ўладзе, і робіць усё магчымае, каб дапамагчы яму ў гэтым. Мы павінны... даць зразумець Расеі, што яе падтрымка рэжыму Лукашэнкі супярэчыць далейшаму руху наперад», — падкрэсьліў Кардзін.

Паводле яго слоў, Пуцін быў бы ня супраць, калі б ва ўладзе ў Беларусі апынулася новы прарасейскі ўрад, паколькі адносіны Масквы з Лукашэнкам нестабільныя і зьяўляюцца таксычнымі нават для Крамля. Аднак для расейскага лідэра «прыярытэт нумар адзін — не дапусьціць, каб Беларусь стала свабоднай дзяржавай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы адвакат Дзьмітры Лаеўскі: «Свабода грунтуецца на дабры, самапавазе і крытычным мысьленьні»