Студэнты БДУ патрабуюць, каб унівэрсытэт публічна выступіў у абарону іхных правоў

Страйк студэнтаў БДУ 26 кастрычніка 2020

Яны стварылі пэтыцыю з заклікам да адміністрацыі БДУ заступіцца за Кацярыну Віньнікаву ды іншых студэнтаў.

2 ліпеня выпускніцу БДУ Кацярыну Віньнікаву асудзілі на 15 дзён арышту за тое, што дзяўчына падчас уручэньня дыплёма выказала падзяку Максіму Знаку, Алене Лаеўскай ды іншым звольненым выкладчыкам. Адміністрацыя ўнівэрсытэту ніяк не абараніла дзяўчыну, і таму студэнты стварылі пэтыцыю з заклікам да БДУ публічна выступіць у абарону правоў студэнтаў і Кацярыны.

Аўтары пэтыцыі адзначаюць, што бязьдзейнасьць адміністрацыі БДУ зьяўляецца ўжо сталай практыкай:

  • 7 студэнтаў прызналі палітвязьнямі,
  • 19 студэнтаў адлічылі з палітычных матываў,
  • 17 студэнтаў пазбавілі інтэрнатаў альбо стыпэндыі,
  • 119 студэнтаў атрымалі вымовы,
  • зафіксавана 168 фактаў ціску і пагроз з боку адміністрацыі.

Аўтары нагадваюць, што паводле артыкулу 20 Кодэксу аб адукацыі, у абавязкі ўстановаў адукацыі ўваходзіць «стварэньне бясьпечных умоваў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу». Пункт 27 главы 6 Статуту БДУ абвяшчае, што чальцам калектыву ўнівэрсытэту даецца права на бясьпечныя ўмовы працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпускніцу юрфаку БДУ асудзілі на 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары»

Тэлеграм-канал студэнтаў і супрацоўнікаў юрфаку БДУ атрымаў інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня за кратамі Кацярыны Віньнікавай:

«Па начах холадна, сьвятло гарыць пастаянна. У якасьці катаваньняў уключалі на поўную гучнасьць Ціму Беларускіх, увесь рэпэртуар, некалькі разоў запар. Перадачы, кажуць, аддаюць толькі пры выхадзе з „сутак“, у камэру падсяляюць бяздомных».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпускніцу юрфаку БДУ Кацярыну Віньнікаву, якая на ўручэньні дыплёма прыгадала Максіма Знака, затрымалі

Вядомы расейскі журналіст Аляксандар Няўзораў падтрымаў Кацярыну Віньнікаву, якая адбывае «суткі» на Акрэсьціна.

«І ў Беларусі, вядома, поўная жудасьць. Усё зьмярцьвелае. Ад грукату ў дзьверы, ад ранішняга званка ўсе бляднеюць. Усе чакаюць КДБ, баяцца сказаць слова. І раптам, блін, у гэтым царстве мёртвых... Юрфак, уручэньне дыплёмаў у Менскім унівэрсытэце. І зьяўляецца ціхая, нясьмелая — усё жыцьцё яе прымалі за ціхую, нясьмелую дзяўчынку — яна зьяўляецца: белая сукенка, чырвоны пояс. Каця Віньнікава.

Пра Кацярыну Віньнікаву – на 49 хвіліне.

І тут яна прамаўляе словы падзякі сваім пэдагогам — усе яны сядзяць цяпер, таму што ўсе яны былі пратэстоўцамі — і паведамляе, што менавіта гэтыя людзі па-сапраўднаму прыгожыя, гэтыя людзі ў яе выхавалі павагу да права. І цяпер па турмах.

Гэта значыць, аказваецца, гэтае беларускае сэрца ўсё ж б’ецца. Яно няроўна, зь перапынкамі, употай, цішком, але яно бʼецца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International патрабуе вызваліць выпускніцу БДУ, якая падзякавала Максіму Знаку
  • Студэнтка юрыдычнага факультэту БДУ Кацярына Віньнікава 29 чэрвеня выступіла з прамовай на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў. У сваім выступе студэнтка згадала юрыстаў Максіма Знака і Ільлю Салея, супраць якіх узбуджаныя крымінальныя справы, а таксама падзякавала выкладчыкам юрфаку БДУ, у тым ліку звольненым Алене Лаеўскай і Алене Басалай. Яе выступ сустрэлі авацыяй. На наступны дзень у студэнткі ў інтэрнаце правялі ператрус, канфіскавалі ноўтбук, дапытвалі ў РУУС, потым асудзілі на 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары».
  • У Савецкім раённым судзе Менску падыходзіць да завяршэньня працэс над 12 студэнтамі, выпускніцай і выкладчыцай БДУ. Усіх вінавацяць у арганізацыі пратэстаў летась увосень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я беларуска і маю права на свабоду думкі». Што казалі фігуранты «справы студэнтаў» у апошнім слове