За дэпутацкія мандаты змагаюцца больш за 20 партый і блёкаў. Аднак галоўныя канкурэнты — праэўрапейская партыя «Дзеяньне і салідарнасьць», заснаваная цяперашняй прэзыдэнткай Маяй Санду, і блёк камуністаў і сацыялістаў, які выступае за збліжэньне з Расеяй. Паводле сацыялягічных апытаньня кожная з гэтых сілаў можа набраць да 37% галасоў. Пры гэтым большасьць дасьледаваньняў прадказваюць перамогу прыхільнікам Санду.
Паводле перадвыбарчых апытаньняў, пяціпрацэнтны бар’ер для праходжаньня ў парлямэнт могуць пераадолець яшчэ 2-3 партыі. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб партыі эўраскептыкаў «Шор» і праэўрапейскай плятформе «Годнасьць і праўда».
Новы парлямэнт павінен прыступіць да працы 27 жніўня, у 30-ю гадавіну з дня абвяшчэньня незалежнасьці краіны пасьля распаду СССР.
Датэрміновыя выбары сталі вынікам працяглага палітычнага супрацьстаяньня, якое ўзьнікла пасьля перамогі Маі Санду над былым прарасейскім кіраўніком дзяржавы Ігарам Дадонам у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у лістападзе летась.