Прэм’ер Гішпаніі паабяцаў Літве падтрымку ў вырашэньні праблемы нелегальнай міграцыі зь Беларусі

Прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс (зьлева) і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Такую заяву ён зрабіў на прэс-канфэрэнцыі ў Шаўляі, якая перапынялася праз інцыдэнт з расейскім самалётам.

«Трэба рашуча асудзіць міграцыю, якую трэція краіны выкарыстоўваюць як зброю супраць ЭЗ, — цытуе кіраўніка гішпанскага ўраду Пэдра Санчэса партал Delfi. — І ў гэтым выпадку прэзыдэнт [Літвы] можа разьлічваць на нашу ўсебаковую падтрымку, бо мы таксама пакутавалі ад паводзінаў такога тыпу ў нядаўнім мінулым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На літоўскай мяжы за суткі затрымалі яшчэ 72 чалавекі, 49 — на польскай

Сёньняшняя прэс-канфэрэнцыя з удзелам Пэдра Санчэса і прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы на вайскова-паветранай базе NATO ў горадзе Шаўляі на поўначы Літвы была перапыненая, калі над Балтыйскім морам зьявіўся неапазнаны расейскі самалёт.

Як паведамляе гішпанская газэта El Mundo, у паветра падняліся два гішпанскія зьнішчальнікі. Гішпанскія вайскоўцы разьмешчаныя на базе на аснове ратацыі. Пазьней Пэдра Санчэс падкрэсьліў важнасьць гішпанскай прысутнасьці ў абароне бясьпекі ўсіх чальцоў NATO. Расійскае міністэрства абароны інцыдэнт не камэнтавала.