Паведамленьне апублікавалі дзяржаўныя СМІ краіны. Пры гэтым Туркмэністан — адна зь нямногіх краін сьвету, якая афіцыйна не зарэгістравала ніводнага выпадку COVID-19 на сваёй тэрыторыі.
У паведамленьні не пазначаюць, якой вакцынай будзе імунізавацца насельніцтва, удакладняе туркмэнская служба Радыё Свабода. Аднак 27 чэрвеня прэзыдэнт Гурбангулы Бердымухамедаў падпісаў указ аб куплі краінай 1,5 мільёна доз вакцыны кітайскай карпарацыі «Сінафарм».
У студзені ўлады краіны першымі ў Цэнтральнай Азіі зарэгістравалі расейскія вакцыны «Спадарожнік V» і «ЭпіВакКарона», аднак пастаўкі гэтых прэпаратаў ідуць у сымбалічных маштабах, а расейскія ўлады паведамляюць, што іх не хапае і для ўнутранага рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкіАд пачатку пандэміі ў Туркмэністане рэзка вырасла частата шпіталізацыі насельніцтва з пнэўманіяй, перадавалі карэспандэнты туркмэнскай службы РС. У шэрагу рэгіёнаў былі перапоўненыя шпіталі, не хапала прэпаратаў і лекараў. Аднак улады не прызнавалі, што гэта неяк зьвязана з каранавіруснай інфэкцыяй.
Тым ня менш у краіне ўводзіліся жорсткія карантынныя захады. Закрывалі міжгароднія зносіны, спыняліся цягнікі і перакрываліся дарогі, прадстаўнікам узроставай групы рызыкі было забаронена пакідаць родныя гарады, а ўсіх жыхароў абавязалі насіць маскі, як першапачаткова сьцьвярджалася, з прычыны павышанай колькасьці пылу ў паветры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унівэрсытэт Джонса Гопкінза: колькасьць ахвяраў COVID-19 у сьвеце дасягнула 4 млн- Раней насельніцтва абавязалі вакцынавацца ўлады Таджыкістану.
- У Расеі ў шэрагу рэгіёнаў уведзеная абавязковая вакцынацыя для чыноўнікаў, настаўнікаў і работнікаў сфэр гандлю і забавы. Аднак Крэмль заяўляе, што ня лічыць гэта абавязкам — бо працаўнікі могуць і звольніцца.
- Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для грамадзян 73 краін, якія змогуць вакцынавацца супраць каранавірусу на платнай аснове. Іншаземец, які хоча прышчапіцца, зможа знаходзіцца ў Беларусі да пяці дзён. Сёньня ў Беларусі выкарыстоўваюць расейскі «Спадарожнік V» і кітайскую Sinopharm/BIBP вытворчасьці кампаніі Sinopharm.
- Паводле дадзеных Bloomberg, усяго ў Беларусі ўвялі крыху больш за мільён доз вакцыны супраць каранавірусу. 7,4% грамадзян атрымалі прынамсі адну дозу, а 3,9% завяршылі вакцынацыю.