Зьнешнепалітычная служба ЭЗ патрабуе неадкладна вызваліць Бабарыку і ўсіх палітзьняволеных

Прэс-сакратар зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана

Прэс-сакратар зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана апублікаваў заяву ў сувязі з прысудам Віктару Бабарыку і іншым палітычным вязьням:

«Сёньня Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Ён утрымліваўся ў зьняволеньні з 18 чэрвеня 2020 году з той адзінай прычыны, што паспрабаваў рэалізаваць сваё палітычнае права вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах у жніўні 2020 году.

Гэты прысуд — адзін зь як найменей 125 несправядлівых і адвольных нядаўніх вэрдыктаў беларускіх судоў у рамках палітычна матываваных працэсаў, якія часта праводзяцца ў закрытым рэжыме і без належнай законнай працэдуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакараў Віктара Бабарыку 14 гадамі пазбаўленьня волі. Ён ня мае права абскарджваць

На сёньняшні дзень у Беларусі налічваецца больш за 530 палітвязьняў, сотні зафіксаваных выпадкаў катаваньня і няспынных рэпрэсіяў супраць усіх пластоў грамадзтва з мэтай прымусіць замаўчаць іншадумцаў і схаваць жорсткае абыходжаньне ў ізалятарах. Рэжым Лукашэнкі відавочна парушае міжнародныя правы чалавека, якія ён абавязаўся захоўваць. Гэта нядаўна пацьвердзіў і спэцыяльны дакладчык ААН па Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія палітычныя пэрспэктывы Віктара Бабарыкі пасьля прысуду

ЭЗ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня спадара Бабарыкі, а таксама ўсіх палітычных зьняволеных, затрыманых журналістаў і людзей, якіх утрымліваюць за кратамі за іх спробу рэалізаваць свае фундамэнтальныя правы. Рэжым павінен пакончыць з рэпрэсіямі і несправядлівасьцю і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра справу Віктара Бабарыкі і «Белгазпрамбанку»

ЭЗ будзе працягваць дамагацца адказнасьці за жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. ЭЗ таксама працягвае заклікаць да ўсебаковага і сапраўднага палітычнага дыялёгу з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, пры пасярэдніцтве АБСЭ, які б прывёў да новых свабодных і сумленных выбараў.

Сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека маюць сваю цану. З кастрычніка мінулага году ЭЗ паступова ўводзіць абмежавальныя захады ў адказ на далейшае запалохваньне і жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазыцыі і журналістаў. У адпаведнасьці са сваім паступовым падыходам ЭЗ гатовы разгледзець далейшыя захады».