У Юліі Чарняўскай, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам па «справе Тut.by», значна пагоршылася здароўе

Юлія Чарняўская, архіўнае фота

Пра стан палітзьняволенай Юліі Чарняўскай парталу Тut.by паведаміў яе адвакат.

Абаронца Чарняўскай, якая ўжо другі месяц знаходзіцца пад хатнім арыштам, сьцьвярджае, што ёй неабходныя мэдычнае абсьледаваньне і догляд лекараў, якія ва ўмовах цяперашняй меры стрыманьня атрымаць немагчыма.

У сувязі з гэтым адвакат Юліі Чарняўскай будзе настойваць на замене хатняга арышту на асабістае паручальніцтва або падпіску аб нявыезьдзе.

Сілавікі прыйшлі да ўдавы заснавальніка Тut.by Юрыя Зісера Юліі 18 траўня, празь дзень пасьля першай гадавіны з дня сьмерці яе мужа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Чарняўская пад хатнім арыштам. Дачка: «Поўная ізаляцыя»

«Апошнія гады жыцьця Юрыя Анатолевіча, а потым пандэмія каранавірусу не дазволілі Юліі паўнавартасна займацца сваім здароўем і абсьледавацца. Стан яе здароўя значна пагоршыўся», — настойвае абаронца Юліі Чарняўскай.

18 траўня 2021 году, у дзень заключэньня Юліі пад хатні арышт, у яе адбыўся гіпэртанічны крыз. Яна страціла прытомнасьць і была дастаўленая ў шпіталь, дзе ёй надалі экстраную мэдыцынскую дапамогу. Гэта прывяло да таго, што раней дыягнаставаная ў яе рызыка 3 артэрыяльнай гіпэртэнзіі другой ступені зьмянілася на рызыку 4 ступені — самую высокую.

Акрамя таго, Юлія пакутуе на бранхіяльную астму, сур’ёзныя захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы. Пасьля перанесенага ў 2009 годзе цяжкага пералому ступні і вельмі складанай апэрацыі, калі яна паўгода магла перамяшчацца па хаце толькі на інвалідным вазку, Юлія адчувае моцныя болі ў левай назе. Акрамя таго, ёсьць і іншыя сурʼёзныя праблемы з захворваньнямі апорна-рухальнага апарату з выразным болевым сындромам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры цяперашнім рэжыме я ніколі ня траплю ў Беларусь». Яўгенія Чарняўская — пра месяц хатняга арышту маці і лёс Tut.by

«Мы вельмі спадзяёмся на тое, што сьледзтва абʼектыўна і старанна падыдзе да разгляду хадайніцтва. Паколькі відавочна, што, улічваючы асобу Юліі Чарняўскай і стан яе здароўя, няма абсалютна ніякіх падставаў меркаваць, што знаходжаньне яе ў мякчэйшай меры стрыманьня можа стварыць хоць нейкія праблемы сьледчым органам», — паведамляе абаронца Юліі Чарняўскай.

Абаронца таксама падкрэсьлівае, што Юлія не ўладальніца «ТУТ БАЙ МЕДЫА» і ніколі ёю не была. Яна і супрацоўнікам TUT.BY была зусім ледзь-ледзь і вельмі даўно: пісала сваю калёнку, рабіла культуралягічную перадачу «Кругі на вадзе» пра жыцьцё пісьменьнікаў, мастакоў. Гаворкі пра палітыку ў яе матэрыялах не ішло, адносін да працы рэдакцыі або кампаніі яна ня мела.

У падтрымку мякчэйшай меры стрыманьня для Юліі Чарняўскай сабраны хадайніцтвы ад дзесяці паручальнікаў. Сярод іх сябры, родныя, былыя вучні.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.