У Горадні 26 чэрвеня затрымалі Дзяніса Ўшкевіча — лекара-анэстэзіёляга аддзяленьня рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі Гарадзенскага абласнога клінічнага кардыялягічнага цэнтру, паведаміў Telegram-канал «Белыя халаты».
Затрыманьне пацьвердзіў выданьню Hrodna.life калега доктар са спасылкай на яго бацькоў.
Прычынай затрыманьня мог стаць знак «Пагоня» на бальконе, перадае крыніца Hrodna.life. Паводле яе, спачатку Дзяніса Ўшкевіча адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Затым прывезьлі да яго дадому і правялі там ператрус або агляд. Міліцыянты канфіскавалі кампутар.
Цяпер лекар утрымліваецца ў ІЧУ на вуліцы Кірава, 1. Суд адбудзецца ў панядзелак, перадалі бацькам Дзяніса.