У Чэхіі пачынаюць расчышчаць завалы пасьля тарнада. Фота, відэа

26 чэрвеня вайскоўцы і пажарныя ў Чэхіі пачалі разьбіраць рэшткі разбураных дамоў пасьля тарнада.

Ліквідацыя наступстваў у Паўднёвай Маравіі таксама ўключае агляд будынкаў, якія захаваліся, каб вызначыць, ці варта іх зносіць.

Як мінімум пяць чалавек загінулі ў выніку тарнада, які абрынуўся на поўдзень 24 чэрвеня. Сярод іх — цяжарная жанчына з суседняй Славаччыны, ненароджанае дзіця якой таксама загінула.

Яшчэ 200 чалавек атрымалі раненьні, 60 чалавек мелі патрэбу ў шпіталізацыі.

Паводле зьвестак мэтэаралягічнай службы Чэхіі, тарнада пакінуў 26-кіламетровую паласу разбурэньняў шырынёй 500 мэтраў. Урад плянуе вылучыць дапамогу пацярпелым у памеры каля 19 мільёнаў даляраў.