«Праз мастацтва мы ледзь ня трапілі ў турму ў Беларусі». У Вільні адкрылася выстава пра вымушаных перасяленцаў

14 чэрвеня ў былой Лукіскай турме ў Вільні адкрылася фотавыстава «Мяжа», прысьвечаная беларусам, пад ціскам вымушаным пакінуць Беларусь.

Таксама выстаўлены плякатныя работы Ўладзімера Цэсьлера і графіка мастачкі Сьвятланы Петушковай. Паразмаўлялі з аўтаркай і ўдзельнікамі праекту пра іхныя эмоцыі, перажываньні і важнасьць культурных падзеяў нават у цяжкія часы.

«Турма — гэта ўвасабленьне нашай краіны»

Аўтарка праекту «Мяжа» і арганізатарка выставы Вераніка Квяткоўская кажа, што галоўная ідэя — паказаць лёсы і боль людзей, якім давялося зьехаць з сваёй краіны, і расказаць, зь якімі праблемамі яны сутыкнуліся на новым месцы.

«Я сама палітычны рэлякант. Мне хацелася падняць пытаньне, што мы ня тое каб уцякалі, а зьехалі, каб працягваць барацьбу. Фотапраект накіраваны на тое, каб прыцягнуць увагу, праз прызму мастацтва паказаць, наколькі гэта глябальна, наколькі нам цяжка быць па-за домам, удалечыні ад сваіх блізкіх. Кожны вобраз „Мяжы“ — чалавек са сваёй гісторыяй. Гэта і адвакат, якога пазбавілі ліцэнзіі, і спартоўка, якая прадала свой мэдаль, каб дапамагчы іншым», — кажа Вераніка Квяткоўская.

Вераніка Квяткоўская

У фотапраекце сабраныя гісторыі людзей рознага ўзросту, полу, прафэсіі, але аб’яднаных адным болем. У кожнай карціне ёсьць эксплікацыя, якая апісвае празь літаратурны слоган трагедыю, празь якую чалавек прайшоў. Сама экспазыцыя з трох частак.

«Чорна-белая фатаграфія здымалася студыйна, каб паказаць менавіта трагедыю, боль, чаму гэта ў чалавека ўнутры. Каляровая фатаграфія — гэта ўвасабленьне ўдзячнасьці Літоўскай Рэспубліцы і Эўразьвязу, якія нас прынялі. Там каляровая мяжа, але ўсё роўна гэтае жыцьцё ня наша, бо мы ўсе хочам вярнуцца дадому, да сваіх родных. І ёсьць адарваная частка — тое, што засталося ў Беларусі. Усе фота ў розным стылі, таму мы гэтую частку вырашылі прамаляваць».

Вераніка кажа, што вобразы прыходзілі спантанна.

«Мы ня мелі ні сродкаў, ні магчымасьцяў пераяжджаць у іншыя краіны, каб там здымаць перасяленцаў, таму адштурхоўваліся ад тых, хто цяпер у Літве. Першы быў Яўген Заячкін, пра якога думалі, што ён загінуў, калі трапіў пад аўтазак. У яго яскравы вобраз. Увогуле ў мадэляў было па дзьве фатасэсіі: адна студыйная і адна вулічная. Усе такія малайцы, так адпрацавалі. Як сказала Кацярына Сныціна: „Я на трэнінгу столькі не скакала, колькі мне давялося скакаць тут падчас здымкаў“. Бо потым гэтыя студыйныя фота трэба было сумясьціць з каляровымі, і каб „зрэз“ быў роўны. Таксама я шмат размаўляла з удзельнікамі, каб зразумець іхныя пачуцьці і стварыць адпаведныя вобразы».

Месца для выставы Вераніка выбрала некалькі месяцаў таму, калі Лукіская турма яшчэ не была адкрытая для наведнікаў.

«Калі я ўбачыла яе, то зразумела, што мы павінны выставіцца менавіта тут. Турма — увасабленьне нашай краіны, таму і працы ўсіх нашых палітычных рэлякантаў будуць вельмі актуальна глядзецца. Усе карціны вывешаныя ў прагулачным дворыку, на калючых сетках. Калі я першы раз паказала месца ўдзельнікам, яны казалі, што вельмі падобна да дворыку ў жодзінскай турме. Гэта ўсё дадае трагедыі. Месца дае людзям эмоцыі, усьведамленьне, што адчуваем мы ўнутры сябе. Зрэшты, для беларусаў, можа, гэта і залішне, асабліва для тых, хто быў у турме. У нас ёсьць у праекце чалавек, які прайшоў праз катаваньні, і я думаю, што ў яго эмоцыі зашкальваюць».

«Я жадаю вам ніколі ня траціць надзеі, ніколі не здавацца. І перамога будзе за вамі»

На адкрыцьці выставы ў Лукіскай турме прысутнічалі Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі яе Офісу, прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце і былы міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус.

Прадстаўнікі літоўскага боку былі ўражаныя выставай. Інгрыда Шыманіце заўважыла, што адкрыцьцё праекту супала з асаблівым днём для Літвы: 14 чэрвеня 1941 году пачаліся масавыя высылкі літоўцаў у сібірскую тайгу і сярэднеазіяцкія стэпы, бо савецкі рэжым лічыў іх ворагамі.

«Калі я тут сёньня, у маёй душы зьмешваецца боль і, шчыра кажучы, гнеў за тое, што ў XXI стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы беларусам даводзіцца бегчы, пакінуўшы дом, бо іх імкненьне да свабоды — пагроза для рэжыму Лукашэнкі, які ўзурпаваў іхную краіну і іхнае жыцьцё», — сказала Інгрыда Шыманіце ў сваёй прамове.

Міністарка выказала радасьць, што беларусы ў Літве могуць свабодна жыць і займацца творчасьцю, з дапамогай Літвы расказваць усяму сьвету гісторыі сваіх людзей і сваёй краіны.

«Гэтыя гісторыі павінны быць расказаныя, іх павінны пачуць, убачыць і ніколі не забыцца. Сымбалічна, што падарожжа гэтых гісторыяў пачынаецца тут, у турме, якой больш няма. А ёсьць адкрытая прастора для людзей, каб атрымліваць асалоду ад творчасьці і жыцьця. Я веру, што хутка мы зможам сказаць тое ж самае пра Беларусь».

Сьвятлана Ціханоўская (у цэнтры)

«Гэта прагучыць парадаксальна, але Лукішкі гэтаксама важныя для беларускай культуры, як і менская „Валадарка“, — сказала ў сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская. — Пры розных уладах тут сядзелі такія знакамітыя беларусы, як Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі, Максім Танк, Браніслаў Тарашкевіч, Барыс Кіт і Адам Станкевіч. І не выпадкова, што многія з гэтых людзей — гэта пісьменьнікі і навукоўцы. Творчыя людзі заўсёды выступаюць супраць несправядлівасьці і ва ўсе часы аказваюцца нязручнымі для дзяржавы. А сёньня ў гэтым гістарычным месцы творчыя беларусы свабодна паказваюць свае працы. Мне здаецца, што гэта сымбалічна і гаворыць аб тым, што час усё ж такі не стаіць на месцы».

«Накіпела вельмі шмат, і трымаць гэта ў сабе было немагчыма, яно патрабавала выхаду»

У межах праекту прадстаўленая выстава беларускай мастачкі і графіка Сьвятланы Петушковай.

«Мы апынуліся ў Вільні з маім мужам у сьнежні, бо муж намаляваў дзьве працы „Сінія пальцы“. Ён апублікаваў іх у сацыяльных сетках і атрымаў за гэта крымінальны артыкул 369 „за абразу прадстаўніка ўлады“. Мы на працягу содняў пакінулі краіну і нічога з сабой не ўзялі, акрамя сабакі. У Менску ў нас быў Беларускі дом графікі — гэта арт-рэзыдэнцыя, у якой мастакі маглі працаваць у графічных друкаваных тэхніках. Я была ў краіне адзіным майстрам-друкаром , які ўмее друкаваць літаграфію. Зараз мы дыстанцыйна вучым мастакоў, каб яны маглі працягваць нашу справу і беларуская графіка існавала», — апавядае Сьвятлана Петушкова.

Праца мастака Андрэя Шапорава

Сьвятлана Петушкова

Праект Сьвятланы апавядае пра вынікі 27 гадоў праўленьня Лукашэнкі.

«Калі я была ў Менску і адбываліся ўсе гэтыя падзеі, я наагул не магла займацца творчасьцю, я нічога не магла рабіць. Калі ж я апынулася ў Літве, прыняла рашэньне засьцерагчы сябе ад інфармацыі. І, напэўна, дзякуючы гэтаму змагла вярнуцца да працы і зрабіць гэты праект. За столькі часу накіпела вельмі шмат, і трымаць гэта ў сабе было немагчыма, яно патрабавала выхаду».

Сьвятлана і яе муж, мастак Андрэй Шапораў, цяпер арандуюць у былой Лукіскай турме памяшканьне, зь якога зрабілі майстэрню.

«Гэта досыць сюррэалістычная сытуацыя, бо мы ледзь ня трапілі ў турму ў Беларусі праз мастацтва, а ў выніку мы апынуліся ў турме ў Літве дзеля мастацтва».

Дзяўчына кажа, што «турэмнага ціску» не адчуваецца, бо яе майстэрня ў памяшканьні былой аптэкі, у адміністрацыйным будынку, а ня там, дзе былі зьняволеныя.

«Нашы сябры, якім не пашанцавала, якія былі ў турме, калі прыходзяць да нас у госьці, вядома, шакаваныя, у іх флэшбэкі, ім вельмі некамфортна. Яны баяцца заходзіць у карцары, калі я ім паказваю будынак. Але нам пашанцавала, мы своечасова ўцяклі і не сядзелі, таму і лягчэй тут знаходзіцца, чым іншым людзям, якія маюць такі досьвед».

«У гэтых фатаздымках лёсы, жыцьці людзей, беларусаў, якія цярпелі ад рэжыму»

«У людзей мастацтва цяпер такі стыль, празь які яны пратэстуюць. Я стараюся ўсюды падтрымліваць іх. Калі яны выстаўляюць працы, я стараюся заўсёды на сваіх старонках імі дзяліцца. Я ўпэўненая, што шмат-шмат выставаў пратэставага мастацтва ў нас будзе потым у свабоднай Беларусі», — кажа ўдзельніца праекту «Мяжа» Кацярына Сныціна.

Кацярына Сныціна

Кацярына — былы капітан нацыянальнай зборнай Беларусі ў баскетболе, бронзавая прызэрка чэмпіянату Эўропы 2007 году. Пасьля падзеяў у краіне Кацярына падпісала ліст свабодных спартоўцаў супраць рэпрэсіяў і фальсыфікацыяў на выбарах, прадала свой мэдаль, сродкі ад якога пайшлі на падтрыманьне рэпрэсаваных атлетаў. Пазьней дзяўчына адмовілася выступаць за зборную Беларусі.

«Мне ідэя вельмі спадабалася. Гэта такі падзел двух маіх сьветаў: я свабодная спартоўка, але прадаю свой мэдаль, каб падтрымаць рэпрэсаваных спартоўцаў. Насамрэч у гэтых фатаздымках лёсы, жыцьці людзей, беларусаў, якія пакутавалі ад рэжыму»,

«Мы павінны падымаць беларускае пытаньне паўсюль»

Уражаньнямі падзяліўся ўдзельнік праекту Віталь Алейнік, які ў Беларусі прайшоў праз катаваньні.

«Я пагадзіўся ўдзельнічаць адразу, бо мая асабістая пазыцыя — мы мусім падымаць беларускае пытаньне паўсюль. Чым больш мы падымаем пытаньне Беларусі, тым больш і выказваем салідарнасьць з нашай краінай, і, я спадзяюся, узьдзейнічаем на палітыкаў, уплывовых людзей, якія, паглядзеўшы на нашу выставу ці іншыя дзеяньні, будуць прымаць рашэньні на карысьць нас, на карысьць Беларусі».

Віталь Алейнік

Віталь прызнаецца, што не чакаў, як маштабна будзе выглядаць выстава ў былой турме.

«Гэтае месца было катоўняй у савецкія часы. Тут я ўзгадваю тыя падзеі, якія былі летась, — гэта і Акрэсьціна, і Жодзіна, і тыя ж РАУСы, празь якія давялося прайсьці. Таму мяне, з аднаго боку, уражвае маштаб таго, што зрабілі творцы, а зь іншага, мне псыхалягічна цяжкавата. Але трэба памятаць, трэба публікаваць усе гэтыя абставіны, каб і псыхалягічна разгрузіць людзей, і нагадваць усім вакол, што адбывалася і адбываецца цяпер у Беларусі».

Праца над праектам «Мяжа» працягнецца. Аўтарка Вераніка Квяткоўская не выключае, што атрымаецца выехаць у іншыя гарады, каб паздымаць перасяленцаў і дапоўніць «Мяжу» новымі вобразамі. Выставу плянуюць паказаць і ў іншых месцах Вільні, каб як мага болей людзей яе пабачылі. Вераніка кажа, што неўзабаве прывязуць яшчэ болей работ Уладзімера Цэсьлера, якія цяпер выстаўляюцца ў Маскве, а пазьней прыедзе і сам аўтар.

«Я думаю, усё гэта вельмі актуальна. Чаму я захацела зрабіць вось такія працы і прыцягнуць увагу менавіта так? — кажа аўтарка. — Праз прызму мастацтва мы можам прывабіць нават апалітычных людзей, каб яны паглядзелі і ўсё ж такі задумаліся, што гэтыя тэмы трэба ўздымаць, кожны павінен унесьці сваю частку, каб наша перамога прыйшла хутчэй. Трэба рабіць максымум таго, што ты ўмееш, каб дапамагчы нам усім».