Дваццатка адважных. Фотарэпартаж з выпускнога «партызанскай школы»

Адбылася выпускная вечарына ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Праз «партызанскую школу» прайшлі чарговыя 20 дзяўчат і хлопцаў.

Коласаўскі ліцэй — унікальная зьява для беларускай адукацыі. Прынцыпова беларускамоўны; спачатку афіцыйны, затым — падпольны; з эўрапейскай манерай выкладаньня і ўласнай праграмай. З-пад ягонага даху выйшлі звыш тысячы актыўных і сьвядомых грамадзянаў.

У 1989-м на паседжаньні суполкі Таварыства беларускай мовы Савецкага раёну Менску было прынятае рашэньне аб стварэньні нядзельнага ліцэю. Новая форма настолькі спадабалася бацькам і дзецям, што зьявілася ідэя стацыянарнай установы: ужо праз год пастановай Савету міністраў БССР створаны Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар Міністэрства адукацыі.

Неўзабаве быў абвешчаны першы набор навучэнцаў у Беларускі гуманітарны ліцэй, які стаў ягонай галоўнай структурнай адзінкай. Але настаў іншы час, і ведамства катэгарычна адцуралася ўнікальнай школы.

Установа працуе вось ужо 30 гадоў, зь іх 18 у статусе «партызанскай школы». У 2003-м улады зачынілі ліцэй за неадпаведнасьць «генэральнай лініі».

І хоць тагачасны міністар адукацыі Пётра Брыгадзін не захацеў падпісваць ведамасны загад, пастанова выйшла за подпісам прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага. У дакумэнце было сказана, што ліцэй «зьліквідаваны ў мэтах аптымізацыі сыстэмы рэспубліканскіх установаў адукацыі».

Сын мастака Алеся Пушкіна

На пачатку 1992 году, калі дзялілі шматлікую партыйную маёмасьць, калектыву афіцыйна перадалі адзін з будынкаў Вышэйшай партыйнай школы па вуліцы Кірава, 21.

Цяпер жа ў былых клясных пакоях, пераабсталяваных пад суд Цэнтральнага раёну Менска, судзяць у тым ліку колішніх навучэнцаў — за палітычную і грамадзкую актыўнасьць.

Праблемы паўсталі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. У 1997-м будынак перадалі прэзыдэнцкай адміністрацыі, нават не паінфармаваўшы кіраўніцтва ліцэю. Усё лета віравалі акцыі пратэсту, у выніку бакі пагадзіліся: нерухомасьць пераходзіць да дзяржавы, але ліцэй у будынку застаецца. Праз год установу захацелі далучыць да ліцэю БДУ і, адпаведна, нерухомасьць забраць. Новыя пратэсты прывялі да таго, што ўдалося праіснаваць яшчэ пяць гадоў.

Аднак у 2003-м зноў пачаліся мэтанакіраваныя атакі на ўстанову, якая выбівалася з агульнага кантэксту дзяржаўнага выкладаньня, і адразу пасьля выпускной вечарыны Савет міністраў выдаў распараджэньне аб ліквідацыі ліцэю.

Ад таго часу ліцэй функцыянуе ў фармаце «партызанскай школы» — калектыў адмовіўся капітуляваць, падпарадкавацца. Хоць нават ня ўсе выкладчыкі верылі, што ўдасца ўтрымацца на плыву.

Тым ня меней, нечакана працяглы час навучальная ўстанова працуе ў экстрэмальным рэжыме. Марш-кідкі да месца заняткаў замест фізкультуры, штудзіраваньне дапаможнікаў у аўтобусах, урокі на лавачцы ў чаканьні электрычкі, «ссабойка» на вялікім перапынку. Выкладчыкі ў такіх жа ўмовах.

За тры дзясяткі гадоў праз Коласаўскі ліцэй прайшлі больш за 1000 падлеткаў. Цягам 1992–2003 гадоў, пры легальным статусе, зь яго сьценаў выходзіла штогод 50-60 выпускнікоў. Цяпер нашмат менш — у сярэднім 15-20.

Сёлета кагорту выпускнікоў «партызанскай школы» папоўнілі яшчэ два дзясяткі адважных маладых беларусаў.