56-гадовы дайвэр Майкл Пакард выжыў пасьля таго, як трапіў у пашчу гарбатага кіта. Пра інцыдэнт, які здарыўся ля ўзьбярэжжа паўвострава Кейп-Код, піша «Голас Амэрыкі» са спасылкай на Cape Cod Times.
Пакард лавіў лобстараў на глыбіні 14 мэтраў, калі раптам адчуў моцны штуршок, пасьля чаго вакол яго раптам «запанавала цемра». Мужчына прызнаўся, што спачатку падумаў, што на яго напала вялікая акула, але калі зразумеў, што не адчуў болю ад укусу, здагадаўся, што гэта, напэўна, кіт.
Пакард знаходзіўся ўнутры пашчы кіта каля 30 сэкундаў, дыхаючы пры гэтым праз кіслародны балён і спрабуючы штурхаць кіта знутры. Кіт вынырнуў на паверхню і «выплюнуў» чалавека, пры гэтым не прычыніўшы яму ніякіх пашкоджаньняў, за выключэньнем некалькіх сінякоў. Сябра Пакарда, які сядзеў у лодцы, дапамог дайвэру выбрацца з вады.
Экспэрты сьцьвярджаюць, што падобныя выпадкі надзвычай рэдкія. Гарбатыя кіты ня маюць зубоў і сілкуюцца дробнай рыбай або плянктонам.
Гэта ўжо ня першы выпадак, калі Пакарду ўдаецца выжыць у экстрэмальнай сытуацыі. Раней ён уратаваўся пры крушэньні невялікага самалёта на Пуэрта-Рыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ад выбуху невядомага прадмета пацярпеў 19-гадовы хлопец ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інданэзіі загарэўся паром, людзям удалося ўратавацца. Відэа