Каля 22-й гадзіны 9 чэрвеня на пустцы, што на рагу Ангарскай і Магнітнай вуліц, прагрымеў выбух «нявызначанага прадмета». Ад яго пацярпеў 19-гадовы хлопец, яго шпіталізавалі з траўмамі канцавін, паведаміў Сьледчы камітэт.
Здарэньне адбылося, калі хлопец зь дзяўчынай выгульвалі сабаку, расказалі сьведкі Onliner.by. Сабака хацеў панюхаць прадмет, падобны да шара, а хлопец стукнуў па ім нагой.
«Шар быў падобны да круглага скрутка, абматанага скотчам. Нагу мы перацягнулі папругай з штаноў. Дзяўчына потым побач была, а сабака спужаўся гуку і ўцёк», — сказаў сьведка.
На пустцы, дзе адбыўся выбух, да 1987 году месьцілася калёнія, якую закрылі пасьля бунту зьняволеных.
Потым у будынкі калёніі засяліўся крымінальна-выканаўчы факультэт Акадэміі МУС, пры якой быў гадавальнік службовых сабак.
У 2017 годзе гадавальнік зьнесьлі, а на ягоным месцы пабудавалі 16-павярховы дом для супрацоўнікаў МУС.
У 2020 годзе зьнесьлі і астатнія будынкі. На вызваленай тэрыторыі зьбіраюцца збудаваць квартал шматпавярховікаў для тых, хто стаіць у чарзе на жытло. Частку кватэр перададуць Міністэрству ўнутраных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 гадоў таму адбыўся выбух у менскім мэтро. Як гэта было ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БТ: За абразы загінулых у Баранавічах пілётаў затрымалі 20 чалавек