Ліст Мінкульту пра «адсутнасьць абмежаваньняў» на выкарыстаньне Пагоні не паўплываў на рашэньне суду, штраф застаўся

Пагоня на доме ў Менску. 2020 год.

Жыхарка Менску Алена Горына павінна сплаціць 2250 рублёў штрафу за Пагоню на акне сваёй кватэры.

Пра гэта сайту dev.by паведаміў муж Алены Канстанцін Канопка.

23 красавіка суд Першамайскага раёну Менску разгледзеў адміністрацыйную справу Алены Горынай, жонкі вядомага ІТ-спэцыяліста Канстанціна Канопкі. Судзьдзя прысудзіў Алене 100 базавых велічынь штрафу (2250 рублёў. — РС), абвінаваціўшы яе ў незаконным пікетаваньні, а менавіта ў разьмяшчэньні герба «Пагоня» на акне кватэры, у якой жыве Алена з мужам і дзіцем.

У пастанове суду гучала, што «Пагоня» зьяўляецца сымбалем пратэсту супраць дзейнай улады.

Але гісторыя на гэтым ня скончылася. Алена Горына вырашыла абскардзіць рашэньне суду, а яе муж зьвярнуўся з запытам у пракуратуру з патрабаваньнем растлумачыць, ці ёсьць у Беларусі абмежаваньні на выкарыстаньне герба «Пагоня», які зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

Пазьней Канстанцін расказаў, што пракуратура накіравала ягоны запыт у Міністэрства культуры. Адкуль праз пэўны час прыйшоў адказ, у якім паведамляецца, што абмежаваньняў правоў на выкарыстаньне нематэрыяльных-культурных каштоўнасьцяў (да іх менавіта належыць Пагоня) ня вызначана.

Па словах Канстанціна Канопкі, нягледзячы на тое, што адказ далучылі да справы, гэта ніяк не паўплывала на рашэньне суду аб апэляцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Папрасіць цара-бацюшку біць ня так моцна?» — IT-бізнэсовец пра магчымасьць перамоваў з Лукашэнкам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі айцішніка, які прапаноўваў Лукашэнку зьняцца з выбараў