У сваім Твітэры кіраўнік польскага ўраду падкрэсьліў, што «падзяляе боль сямʼі і малітвы за душу нябожчыка Вітольда Ашурка, палітвязьня і вялікага патрыёта Беларусі».
Łączę się w bólu z Rodziną i modlitwie za duszę zmarłego Witolda Aszuraka, więźnia politycznego i wielkiego patrioty Białorusi, którego dziadek został zamordowany przez NKWD w Katyniu. Spoczywaj w pokoju wierny Przyjacielu Rzeczypospolitej!
— Mateusz Morawiecki (@MorawieckiM) May 27, 2021
Ён нагадаў, што дзядулю Вітольда Ашурка НКВД забіў у Катыні. «Спачывай зь мірам, верны сябар Польшчы!» — напісаў Матэвуш Маравецкі. На ягоны твіт зьвярнула ўвагу Польскае радыё.
Спачуваньне сям'і Вітольда Ашурка выказалі таксама кіраўніцтва Эўразьвязу, амбасадарка ЗША ў Беларусі.
Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.
Пазьней улады апублікавалі кадры са шклоўскай калёніі № 17, на якіх меркавана апошнія хвіліны жыцьця палітвязьня Вітольда Ашурка. Запіс выклікаў шматлікія пытаньні ў родных, сяброў, лекараў і былых палітвязьняў, якія знаёмыя з умовамі ўтрыманьня ў шклоўскай і падобных калёніях.
25 траўня сваякі Ашурка атрымалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот». Апрача гэтага, у Вітольда відаць падрапаныя рукі.
У пасьведчаньні аб ягонай сьмерці сказана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У шклоўскай калёніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак, які атрымаў 5 гадоў турмы за пратэсты