Забег на 100 кілямэтраў па перасечанай горнай мясцовасьці быў арганізаваны ў правінцыі Ганьсу на паўночным захадзе краіны. Маратонцы стартавалі пры ясным надвор’і, спартоўцы былі лёгка апранутыя, многія ня мелі з сабой цёплых рэчаў. Празь некалькі гадзін пасьля старту ў гарах рэзка пахаладнела, тэмпэратура апусьцілася да 6 градусаў, пачаліся моцны вецер і ледзяны дождж.
Маратон спынілі, шукаць бегуноў адправіліся ратавальнікі. Усяго ў забегу ўдзельнічалі 172 чалавекі, некаторыя сышлі з дыстанцыі пасьля таго, як надвор’е пачало псавацца. Іншыя працягнулі забег і апынуліся ў гарах у момант удару стыхіі.
Да раніцы нядзелі выратаваны 151 удзельнік і знойдзены целы 21 маратонца, якія загінулі ад пераахаладжэньня.
Сярод загіблых і двухрахразовы рэкардсмэн Кітаю Лян Цзын. 31-гадовы атлет быў шматразовым пераможцам ультрамаратонаў і іншых забегаў, а нацыянальныя рэкорды ўсталяваў, пераадолеўшы дыстанцыі ў 149,51 км і 151,2 км.
У сацыяльных сетках многія карыстальнікі вінавацяць у трагедыі ўлады гарадзкой акругі Байінь. Чыноўнікі прыносяць прабачэньні. Прагноз надвор’я прадугледжваў зьніжэньне тэмпэратуры і дождж у суботу, аднак сіла ветру і інтэнсіўнасьць ападкаў сталіся нечаканымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У М’янме падчас паўстаньня супраць вайсковай хунты загінулі мінімум 790 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе разьвіталіся з загінулымі вайсковымі лётчыкамі