Нямецкія журналісты выказалі салідарнасьць з калегамі з Tut.by

Калектыў парталу Tut.by

Блякаваньне Tut.by і ператрусы ў супрацоўнікаў незалежнага інтэрнэт-парталу выклікалі нэгатыўную ацэнку нямецкіх журналісцкіх арганізацый.

«Мы з болем глядзім на няспынныя нападкі на свабоду прэсы і перасьлед журналістаў у Беларусі», — цытуе DW намесьніка кіраўніка прэсавай службы Зьвязу журналістаў Нямеччыны (DJV) Паўля Эшэнхагена. Той адзначыў, што ўлады Беларусі «не спыняюцца ні перад чым, каб здушыць непажаданае для іх асьвятленьне падзеяў у краіне». Зьвяз журналістаў Нямеччыны выказаў салідарнасьць з беларускімі калегамі, якія, як падкрэсьліваюць у DJV, проста выконваюць сваю працу.

У міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) таксама востра крытыкуюць атаку на партал Tut.by і выказваюць сваю падтрымку галоўнаму рэдактару Tut.by Марыне Золатавай і ўсім журналістам сайту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марына – самая выдатная беларуска, якую я ведаю». Муж Марыны Золатавай – пра напад на Tut.by

«Сёньняшнія абсалютна недарэчныя дзеяньні ўладаў сьведчаць перш за ўсё пра адно: рэжым Лукашэнкі бачыць у незалежных СМІ перашкоду, якую варта ліквідаваць, — піша кіраўнік нямецкага філіялу «Рэпартэраў бязь межаў» Крыстыян Мір — І найперш хочуць прымусіць замаўчаць Tut.by, як найбуйнейшы незалежны партал, прыводзячы пры гэтым аргумэнты, шытыя белымі ніткамі, і высоўваючы фіктыўныя абвінавачваньні».

  • Сёньня камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб ААТ «ТУТ БАЙ МЕДЫА» пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Нібыта з 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму адбылася атака на Тut.by і якія будуць наступствы. Аналіз экспэртаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ў Беларусі пра перасьлед Tut.by: У духу найгоршых традыцыяў мінулага стагодзьдзя