На БМЗ аварыйна спынілася адна зь дзьвюх сталеплавільных печаў

Рэклямны шчыт на БМЗ, ілюстрацыйнае фота

Увечары 16 траўня адбылося аварыйнае адключэньне помпаў водападрыхтоўкі ў будынку пракатнага цэху № 1 Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне.

У выніку здарылася падтапленьне машыннай залі з помпамі і з прычыны адсутнасьці падачы астуджальнай вады спынілі абсталяваньне ў сортапракатным і электрасталеплавільным цэхах. Як удакладнілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый, працавала толькі адна зь дзьвюх сталеплавільных печаў.

Паводле ведамства, пацярпелых няма. Ратавальнікі адпампоўваюць ваду з машыннай залі, пасьля чаго тэхнічны пэрсанал прыступіць да рамонту і перазапуску абсталяваньня. Меркаваны час аднаўленьня тэхналягічнага працэсу цэхаў — канец дня 17 траўня.

Спэцыялісты называюць прычынай інцыдэнту кароткае замыканьне на адной з разьмеркавальных прыладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БМЗ заклікаў Эўразьвяз ня ўводзіць эканамічныя санкцыі

На мінулым тыдні калектыў БМЗ накіраваў адкрыты ліст структурам Эўразьвязу і гандлёвым партнэрам, каб іх прадпрыемства не абкладалі эканамічнымі санкцыямі.