«Няма ўцямнай канцэпцыі». Па сьлядах чарговага этапу рэстаўрацыі ў Крэве

Новая брама Крэўскага замку

Як ідзе аднаўленьне легендарнага Крэўскага замку на Смаргоншчыне. Рэпартаж Свабоды

Пяты па ліку этап рэстаўрацыі завяршыўся ў Крэўскім замку на Горадзеншчыне. Сродкі, выдаткаваныя на мэтавы адрэзак работ, скончыліся, будаўнікі зьнялі рыштаваньні і зьехалі. Якія пытаньні пакінула пасьля сябе іх дзейнасьць?

Ад пачатку году прадпрыемства «Белрэстаўрацыя» займалася ўмацаваньнем паўночна-ўсходняй сьцяны, якая прылягае да Княскай вежы. Гэты этап у дакумэнтах праходзіць як «пяты пускавы комплекс першай чаргі будаўніцтва».

Па выніках спэцыялісты адсправаздачыліся пра зробленае:

  • узмацнілі падмурак
  • ачысьцілі рэшткі сьцяны ад водарасьцяў і грыбка
  • правялі гідрафабізацыю паверхні муроў
  • выканалі бутавую кладку
  • узнавілі кладку з адрэстаўраванай цэглы
  • накрылі часовы дах і пастаянны з керамічнай дахоўкі
  • паставілі ўваходную браму.

Паўночна-ўсходняя сьцяна і стан муроў да пачатку аднаўленьня

Абяцаных раней брамавых кратаў і пад’ёмнага моста, зубцоў і баявой галерэі пакуль што няма.

Даўніна з элемэнтамі гістарычнага дысанансу

За ўсёй дзеяй у рэжыме рэальнага часу назірае рамесьнік Сяргей Бандарэнка — кожныя выходныя ён ставіць пад мурамі насьціл з аўтарскімі керамічнымі вырабамі, прысьвечанымі гісторыі легендарнага мястэчка. У суседняй вёсцы Чухны ў адзіночку ўзводзіць дакладную копію замка ў прапорцыі 1:10. Нягледзячы на брак сродкаў і матэрыялаў, справа на ягоным агародзе ідзе значна шпарчэй. І нават няўзброеным вокам майстар выхоплівае хібы на арыгінале.

«Узяць хоць бы браму: што ў яе ад гатычнага стылю? — задаецца ён пытаньнем. — Поўны дысананс з астатнім. Ці вось дзеці падыходзяць і цікавяцца: а як замкавая варта адбіваліся ад нападнікаў? Можа, абяцаныя галерэі некалі і зьявяцца, але пакуль даводзіцца паказваць на пальцах. Зноў жа, Княская вежа. Яе цяперашнія парэшткі ледзь не ўтрая ніжэйшыя за арыгінал (14 мэтраў супраць амаль 40). Пытаўся ў будаўнікоў: „Ці ўздымеце на такую ж вышыню, каб веліч Крэва пабачылі аж зь віленскай трасы?“ Адказваюць, што наўрад ці, каб яшчэ гэта не завалілася. Я ўжо не кажу пра занадта ўпарадкаваны спосаб каменнай і цаглянай кладкі, якая рэжа вока на фоне аўтэнтычных фрагмэнтаў».

Рамесьнік Сяргей Бандарэнка і ягоны крэўскі цмок

Пры гэтым Сяргей Бандарэнка гаворыць, што цудоўна разумее глыбінную сутнасьць старой дылемы: або зьмірыцца з выдаткамі навадзелу, або назіраць, як усё ператворыцца ў руіну. Таму нават кепская рэстаўрацыя — якая ні ёсьць, а ўсё ж кансэрвацыя, канстатуе ён.

За апошнія гады аднаўленьне колішняй рэзыдэнцыі вялікіх князёў ВКЛ неаднойчы трапляла пад прыцэл крытыкі. На пачатковым этапе адказныя за аб’ект занадта захапіліся «бульдозэрнай рэстаўрацыяй» — зашмат ужывалася цяжкай тэхнікі, што пагражала друзлым мурам. Потым нечакана высьветлілася, што бракуе камянёў — іх з падачы грамадзкага актывіста Глеба Лабадзенкі зьбіралі ўсім сьветам, а паэт Уладзімер Някляеў дагэтуль загружае ў багажнік валун пад кожны прыезд у роднае Крэва.

Белыя падцёкі на камянях і тэхніка на замкавай тэрыторыі

Жаданьне як мага хутчэй засвоіць грошы, здараецца, прыводзіць да парушэньня тэхналёгіі муроўкі. Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч, кіраўнік летніх раскопак у Крэве, пазалетась стаў сьведкам абвалу кансэрвацыйнай муроўкі ля паўднёва-заходняга кута. Тую частку абкладалі камянямі пасярод зімы. Пра здарэньне паведаміў навуковаму кіраўніку праекту Ўладзімеру Сіняўскаму. Архітэктар прызнаўся, што тэарэтычна дапускаў такі вынік, бо гэты кавалак кансэрвавалі ў самым канцы 2018 году: новую муроўку падмарозіла, і яна ня вытрымала веснавых перападаў. Гісторыя яшчэ раз паказвае, наколькі важна вытрымліваць тэхналёгіі, падсумаваў тады Алег Дзярновіч.

Аналягічнае злоўжываньне сучаснымі сумесямі ў працэсе кладкі прывяло да таго, што муры пакрыліся вапнавымі падцёкамі. Давялося замываць. Ня кажучы пра выкарыстаньне матэрыялаў, якія выглядаюць занадта сучасна і не дадаюць аўтэнтычнасьці 700-гадоваму замку.

У чаканьні мабілізацыі паміж грашовымі траншамі

Археоляг, былы начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі памятае Крэўскі замак на розных этапах — у канцы 1980-х займаўся тут архітэктурна-археалягічнымі дасьледаваньнямі, вывучаў помнік дзеля распрацоўкі праекту на выкананьне там работ. Лічыць, што стан парэшткаў такі, што аднымі эмоцыямі яго не ўратуеш.

Крэўскія муры да пачатку рэстаўрацыі

«З будаўнічымі матэрыяламі для рэстаўрацыі праблема ёсьць, бясспрэчна. Але імкненьня сыстэмна яе вырашаць не відаць. Аўтэнтычная вонкавая аблямоўка муроў захавалася толькі часткова, пераважна ў іх аснове. Ды і тое ня ў самым лепшым стане. Бут, які мы прывыклі бачыць, разбураецца. Вапнавая рошчына фактычна страціла свае мацавальныя ўласьцівасьці. Што да пытаньняў выкананьня работ, зразумела, яны небеспадстаўныя. Але я схільны іх ставіць без „алярмізму“. Бо робіцца сапраўды для народу. Хацелася б, каб зацікаўленыя людзі імкнуліся заглыбіцца ў сутнасьць праблемаў і ў меру магчымасьці спрыялі іх вырашэньню. Абмеркаваньня ў сацсетках недастаткова, тым больш што гаворка часта вядзецца зь вялікай доляй эмоцый», — адзначае ён.

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў за час шматлікіх супольных археалягічных экспэдыцый з калегам, доктарам гістарычных навук Міхасём Ткачовым перагарнуў тоны крэўскай зямлі. Ацэньваючы працу цяперашніх рэстаўратараў, кажа, што самае істотнае, чаго не хапае, — сыстэмнасьці. Іншымі словамі, гістарычны аб’ект разглядаецца ня столькі ў завершаным архітэктурным ансамблі, колькі ў залежнасьці ад хаатычнага фінансаваньня.

Умацаваная паўночна-ўсходняя сьцяна і Княская вежа

«Няма ўцямнай канцэпцыі „прыстасаваньня“ Крэўскага замка, — кажа адмыслоўца. — Калі мы з калегам Сяргеем Багласавым працавалі ў Лідзе (хай на гэта і пайшло 30 гадоў), бачылі, як той казаў, сьвятло ў канцы тунэля. Спачатку была стадыя кансэрвацыі, а ўжо затым праз розныя абмеркаваньні падыходзілі да рэстаўрацыі. А тут усё кавалкамі, пры гэтым агульнага разуменьня, як у выніку аб’ект будзе выглядаць, няма. І невядома, калі гэта скончыцца — праз 10, 15 ці 20 гадоў. Таму і робяць абы зрабіць. Далі грошай — засвоілі, накрылі дахоўку, паставілі браму. Скончыўся грант — разышліся па хатах, чакаюць мабілізацыі. І такая бессыстэмнасьць можа цягнуцца бясконца».

У якасьці прыкладу «сыстэмнасьці» Алег Трусаў прыводзіць замак роду Сапегаў у Гальшанах, што літаральна за 20 кілямэтраў ад Крэва. Зусім нядаўна там урачыста адкрылі вежу, прыстасаваную пад музэй. Разам з рознаўзроўневымі агляднымі пляцоўкамі яна стала дамінантай комплексу.

Спосабы «прыстасаваньня» Гальшанскага замку

«Хоць крытыкі ў бок Гальшанаў таксама хапала, там спачатку зрабілі праект поўнай кансэрвацыі, яго зацьвердзілі і далей пачалі даводзіць да ладу асобныя фрагмэнты — вежу, скляпеньні і г. д. Паўтаруся: можна задаваць шмат пытаньняў па сутнасьці, аднак аб’ект у стадыі разьвіцьця. Кансэрвацыя, на маю думку, зроблена даволі добра. Прынамсі сьмецьце вывезенае, карчы высечаныя, можна хадзіць па канструкцыях, аглядаць расчышчаныя руіны. Склалася карціна сьвету. А па Крэве суцэльная няпэўнасьць. І найперш, калі дойдзе да кансэрвацыі самага галоўнага элемэнту — Княскай вежы. Калісьці ідэя была такая: скончыць раскопкі, аднавіць вежу і астатняе закансэрваваць. Пра нейкія праекты на гэты конт невядома. Таму ўсё хаатычна, як выпадае».

У адсутнасьць канцэпцыі ня будзе і лёгікі

На новую браму з масіўнымі дзьвярыма, якая высілкамі польскіх рэстаўратараў паўстала недалёка ад кантрафорса 1920-х гадоў, зьвяртаюць увагу ўсе наведнікі Крэўскага замку. Не застаўся ўбаку і гісторык Алег Трусаў.

Новая брама і від на яе з унутранай тэрыторыі

«У мяне пытаньне: навошта рабіць штучную, калі літаральна побач аўтэнтычная? Яе ў свой час палякі заклалі камянямі, але ёсьць сапраўдная брама XIV стагодзьдзя — разьбярыце муроўку, там будзе прагал. Хіба што рабілі як часовы ўваход, тады яна сапраўды не прэтэндуе ні на якую готыку. Гэта як у Лідзкім замку высеклі ўваход, дзе ніколі яго не было, зыходзячы зь меркаваньня зручнасьці для наведнікаў. Можа, і ў Крэве апэлявалі да таго ж (калі невядомы агульны праект выкарыстаньня аб’екту, можна толькі здагадвацца). Няма канцэпцыі — няма лёгікі. Помнікі такога ўзроўню павінны праходзіць грамадзкае абмеркаваньне: што будзе, якія этапы, канчатковыя тэрміны. Вось тады можна нешта ўяўляць, прапаноўваць, крытыкаваць. А так — скалынаньне паветра».

Калі складана сканструяваць уласны ровар, можна паглядзець, як з гэтым разабраліся суседзі, дае яшчэ адну параду Алег Трусаў. Прыкладна такую ж задачу ў свой час давялося вырашаць літоўскім рэстаўратарам на замку ў Медніках — фактычным аднагодку «крэўскага брата».

Адрамантаваны 100-гадовы контрафорс і наведнікі Крэва

«Я нашых спэцыялістаў заўсёды адсылаю да Меднікаў: аднавіце вежы, астатняе прыкладзецца. Ёсьць жа ўдалы досьвед, чаму не скарыстацца? Тым больш абодва кастэлі будаваліся прыкладна ў адзін час. Не зьдзіўлюся, што і дойліды былі адны і тыя ж. Але, відаць, такі наш лёс: усе замкі мусяць прайсьці пакутным шляхам. Я іх так і называю — замкі-пакутнікі. Тым ня меней праз выпрабаваньні, бюракратыю нешта са скрыпам робіцца. Можна спрачацца пра якасьць, але Ліда, Мір, Нясьвіж паўсталі. Я ня думаў, што ўдасца закансэрваваць Гальшаны. Калі прыехаў у 1980-м, там быў кароўнік і пасярод двара два мэтры жыжы. Цяжка было ўявіць, што людзі ўсё раскрадуць за пару дзён і нават гной вывезуць на палеткі. У гісторыі часьцяком здараюцца неверагодныя рэчы».

Сёлета акурат 10 гадоў, як «аб’ект» у Крэве трапіў у дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» — праўда, за першую «пяцігодку» рукі да яго так і не дайшлі. Але ў гонар юбілею замоўнікі работ абяцаюць, што парадны фасад будзе даступны для турыстаў ужо летам — да таго там правядуць добраўпарадкаваньне і азеляненьне тэрыторыі.

Від з боку самай пацярпелай паўднёва-заходняй сьцяны

А на 2022 год заплянаваны пачатак аднаўленьня паўднёва-заходняй замкавай сьцяны, найбольш пацярпелай падчас абстрэлаў у Першую сусьветную вайну.

Самы архаічны ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім

Крэва ўвайшло ў сусьветную гісторыю дынастычнай уніяй паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай, падпісанай у 1385 годзе. Што да часу зьяўленьня самога кастэлю (тып абарончага збудаваньня), дасьледчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодзьдзя, некаторыя лічаць, што гэта нават сярэдзіна ХІІІ. Пры гэтым сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ, ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідзтва.

Замак страціў першапачатковае значэньне ў XIX стагодзьдзі і быў закінуты. Чорнай старонкай у ягоным лёсе стала Першая сусьветная вайна: паколькі германцы атабарыліся ўсярэдзіне, набудаваўшы там міні-дотаў, расейская артылерыя біла менавіта туды. Да сёньня дайшлі нават ня сьцены, а толькі іхнае «нутро», фасад быў цалкам зьнішчаны. Гаворка найперш пра паўднёва-заходнюю частку.

Гістарычныя муры часоў ВКЛ

Першыя спробы ўратаваць замак датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале з гісторыкам Станіславам Лёрэнцам умацавалі рэшткі сьцен мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі кантрафорс, але дакончыць задуманае не пасьпелі.

З прыходам у 1939 годзе бальшавікоў пра кансэрвацыю гаворка не ішла: новыя ўладары найперш пачалі разьбіраць сьцены на ўласныя і індустрыяльныя патрэбы. Але нават аслабленыя муры не паддаліся. У такім стане руіны прастаялі да часоў незалежнасьці. Княскую вежу накрылі рубэройдам, але ад дажджу і сьнегу кволая канструкцыя не ратавала. Тэмпы абвалу муроў набліжалі небясьпеку поўнага руйнаваньня.

Інфармацыйны стэнд і фрагмэнт экспазыцыі мясцовага фатографа Сяргея Гапона

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс з трох дзясяткаў памятак даўніны па ўсёй Беларусі, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі, а выдаткі на захаваньне ўскладаюцца на дзяржаўны бюджэт. Але нерэгулярнасьць грашовых траншаў пастаянна карэктуе тэрміны кансэрвацыі аднаго з самых знакавых сярэднявечных збудаваньняў на тэрыторыі краіны.