Жыхару «Пірсу» вярнулі машыну, якую забралі за сьцяг на бальконе

Ільля Квачэнка і момант эвакуацыі аўтамабіля за вывешаны на бальконе бел-чырвона-белы сьцяг.

Жыхару кварталу «Пірс» Ільлі Квачэнку вярнулі аўтамабіль, які ў яго забралі за вывешаны на бальконе бел-чырвона-белы сьцяг.

Як нагадвае Tut.by, падзеі вакол балькона зь бел-чырвона-белым сьцягам у квартале «Пірс» пачаліся 2 сакавіка. Да дому пад’ехалі сілавікі, каб зьняць сьцяг з балькона Ільлі Квачэнкі, а калі ня здолелі гэта зрабіць — прыбыў эвакуатар і забраў ягоную машыну з паркоўкі.

На наступны дзень раніцай у тамбуры кватэры, дзе жыве Квачэнка, адключылі сьвятло, у дзьверы да яго пагрукалі і папрасілі выйсьці і праехаць у аддзяленьне. Пазьней да дома прыехала спэцыяльная машына, і Ільля Квачэнка зьняў сьцяг. Яму пакінулі позву з патрабаваньнем зьявіцца ў РАУС. Ён прыйшоў туды 4 сакавіка і быў затрыманы. 5 сакавіка судзьдзя Менскага раённага суду Антон Колабаў прызнаў яго вінаватым у «адзіночным пікеце» і асудзіў на 15 сутак за пікетаваньне сьцягам на бальконе без узгадненьня зь Менгарвыканкамам. Ільля віны за сабой не прызнаў. Што з машынай, тады ніхто не патлумачыў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару «Пірсу», у якога за сьцяг на бальконе забралі машыну, прысудзілі «суткі»

Ільля Квачэнка карыстаецца BMW па даверанасьці, афіцыйна яе гаспадар — ягоны сваяк. Машыну Ільлі вярнулі пару тыдняў таму, паўтара месяца яна была на паркоўцы аддзяленьня міліцыі. Паводле яго слоў, ніякіх падазроных зьмяненьняў ён не заўважыў, машына была апячатаная.

Выявілася, што аўтамабіль у Ільлі эвакуавалі з падазрэньнем на перайначваньне VIN-нумару, што пад капотам машыны. За гэта маглі распачаць крымінальную справу па ч. 1 арт. 380 і ч. 1 арт. 381 КК РБ. Але пасьля эвакуацыі машыны і экспэртызы ў Менскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў пацьвердзілі, што зьмены нумару не было, у парадку і дакумэнты на машыну.

— Вядома, ніхто ня зьвязвае гэта непасрэдна са сьцягам. Але гэта здарылася менавіта ў той дзень, і самае цікавае, што звонку машыны не відаць VIN-нумар, атрымліваецца, супрацоўнік міліцыі рэнтгенаўскім зрокам зірнуў пад капот, і ў яго ўзьнікла падазрэньне на зьмяненьне нумару, — сказаў Ільля Квачэнка карэспандэнту Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настрой добры, будзем працягваць». Жыхар «Пірсу», які адмовіўся здымаць сьцяг з балькона, выйшаў на волю пасьля 15 сутак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля судзяць за дапамогу ў замене чырвона-зялёнага сьцяга на бел-чырвона-белы