У Бабруйску закрылі дзьве палітычна матываваныя крымінальныя справы, у завядзеньні яшчэ адной адмовілі

Ілюстрацыйнае фота

Справы тычыліся абразаў міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама «масавых беспарадкаў».

Справа за камэнтары ў Telegram

Галіна Юшкоўская зь лістапада была падазраванай у абразе прадстаўніка ўлады. Жанчыну хацелі абвінаваціць у тым, што яна пісала абразьлівыя камэнтары ў дачыненьні двух бабруйскіх міліцыянтаў. У якасьці доказу сьледчыя прыводзілі фота ў Telegram-акаўнце. Юшкоўская катэгарычна адмаўляла, што гэта яна, піша «Белсат».

Жанчыну выклікалі на допыты, правялі ў яе ператрус, забралі мабільны тэлефон. А 19 лютага пасадзілі на трое сутак у ІЧУ. Аднак у той час, калі жанчына была ў зьняволеньні, камэнтары з таго ўліковага запісу працягвалі зьяўляцца. Гэта і стала асноўным аргумэнтам абароны. У канцы красавіка Галіна атрымала пастанову пра спыненьне крымінальнага перасьледу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На берасьцейскага актывіста, чыя жонка за кратамі, завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі

Суд за абразу сілавіка

Лідэра бабруйскай арганізацыі «Беларускага незалежнага прафсаюзу» Сяргея Гурло вінавацілі ў абразе бабруйскага амапаўца. Мужчына чакае суду пад падпіскамі аб нявыезьдзе і невыдаваньні, але 30 красавіка атрымаў ліст з пастановай аб адмове ў завядзеньні супраць яго яшчэ адной крымінальнай справы, на гэты раз за «арганізацыю масавых беспарадкаў», адмовіліся супраць яго заводзіць і дзьве адміністрацыйныя справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Важна, каб ІЧУ ня стала катавальняй». Гісторыя бабруйскага вэгана, які адседзеў пад арыштам 30 дзён

Уцякач не зьбіраецца вяртацца, нягледзячы на закрыцьцё справы

У канцы красавіка пра спыненьне справы за пагрозу гвалту ў дачыненьні міліцыянта даведаўся і Ўладзімер Лазараў, які яшчэ летась быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны перасьлед. Нягледзячы на спыненьне справы, Уладзімер пакуль не плянуе вяртацца дадому, бо не давярае беларускім міліцыянтам і ўладам.

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на грамадзян краіны за пратэсты, выказваньні ў інтэрнэце і зь іншых прычынаў сілавікі завялі некалькі тысяч крымінальных спраў. Супраць саміх сілавікоў за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і гібель пратэстоўцаў дагэтуль няма ніводнай крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтобусаў удвая меней, чым крымінальных спраў: якая вытворчасьць у Беларусі больш эфэктыўная: судовая ці прамысловая?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карычневая шыльда на дзьвярах камэры, нашыўка на робе. Як за кратамі пазначаюць «палітычных»