Турэччына крытычна зрэагавала на прызнаньне Вашынгтонам генацыду армян у Асманскай імпэрыі

Міністар замежных спраў Турэччыны Меўлют Чавушаглу

Турэччына крытычна адрэагавала на заяву прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аб прызнаньні генацыду армян падчас Першай сусьветнай вайны.

Як паведаміў у твітэры міністар замежных спраў Турэччыны, «словы ня могуць зьмяніць альбо перапісаць гісторыю».

«Мы ня можам даведацца пра сваю гісторыю ні ад каго. Палітычны апартунізм — найвялікшая здрада міру і справядлівасьці. Мы цалкам адхіляем гэтае выказваньне, якое заснавана выключна на папулізьме», — напісаў Меўлют Чавушаглу.

Раней МЗС Турэччыны папярэджваў, што калі Джо Байдэн прызнае забойствы армян генацыдам, гэта пагоршыць двухбаковыя адносіны паміж ЗША і Турэччынай.

24 красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у афіцыйнай заяве назваў забойствы армян у Асманскай імпэрыі падчас Першай сусьветнай вайны генацыдам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прызналі масавыя забойствы армян у Асманскай імпэрыі генацыдам

Адносіны паміж Турэччынай і Армэніяй — вельмі напружаныя. Турэччына адкрыта падтрымала дзеяньні Азэрбайджану, які летась пачаў наступленьне ў Нагорным Карабаху, у выніку якога значная частка гэтага рэгіёну, які знаходзіўся больш за 30 гадоў пад армянскім кантролем, перайшла пад кантроль Баку.