«Перавышэньне паказьнікаў па мутнасьці і ўтрыманьні жалеза». Улады расказалі пра наступствы аварыі на водаправодзе ў Менску

Ліквідацыя аварыі на водаправодзе, архіўнае фота

Усяго ў Менску задзейнічаныя 26 аўтацыстэрнаў, якія падвозяць пітную ваду ў жылыя кварталы.

Менскія ўлады агучылі вэрсіі таго, што магло стаць прычынай буйной аварыі на водаправодзе ў мікрараёне Чыжоўка. У выніку пашкоджаньня камунікацый жыхарам Заводзкага, Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў раяць не ўжываць ваду з-пад крана.

Як адзначыў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Дараховіч, пакуль што разглядаюцца дзьве папярэднія вэрсіі надзвычайнага здарэньня.

«Па-першае, пашкоджаньне трубаправоду пры выкананьні будаўніча-мантажных работ. Па-другое, нізкія эксплюатацыйныя характарыстыкі мэталу (чыгуну), якія прывялі да паскоранага зносу трубаправоду. Цяпер вывучаем сытуацыю. Узялі відэа з камэр гандлёвага цэнтру, разьмешчанага побач зь месцам аварыі. Трэба аб’ектыўна разабрацца, каб не дапусьціць такіх сытуацый надалей», — цытуе яго тэлеграм-канал «Минск. Официально».

Як ліквідавалі аварыю водаправоду ў Чыжоўцы. ФОТА

Чыноўнік удакладніў, што лябараторныя дасьледаваньні вады з пацярпелых раёнаў паказалі перавышэньне паказьнікаў якасьці па мутнасьці і ўтрыманьні жалеза.

«Мы зьвярнуліся па дапамогу ў Міністэрства абароны, ведамства выдзеліла 18 аўтацыстэрнаў. Усяго ў горадзе задзейнічана 26 цыстэрнаў, якія падвозяць пітную ваду ў жылыя кварталы. Усе сацыяльныя аб’екты, установы аховы здароўя і адукацыі забясьпечаны вадой. Зараз ідзе прамываньне сетак, усе сілы і сродкі кінутыя на тое, каб як мага хутчэй аднавіць належную якасьць вады», — сказаў Аляксандар Дараховіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зноў праблемы з вадой — пацярпеў Савецкі раён

Апошнім часам аварыі на менскім водаправодзе сталі рэгулярнымі: у выніку пашкоджаньняў камунікацый вада робіцца непрыдатнай да ўжываньня ў цэлых раёнах.